Прэзідэнта Балівіі змусілі пайсці ў адстаўку



10 лістапада прэзідэнт Балівіі Эва Маралес быў змушаны пайсці ў адстаўку. Пра гэта паведамляе BBC. Адзначаецца, што пасаду кіраўніка дзяржавы Маралес пакідае „на фоне беспарадкаў, якія выкліканыя яго пераабраннем у мінулым месяцы, якое многія лічаць фальсіфікаваным”.

У адстаўку Маралес падаў пасля таго, як яго заклікалі гэта зрабіць камандуючы арміяй і начальнік паліцыі Балівіі. У звароце, які трансляваўся ў сацсетках, Маралес патлумачыў, што вырашыў пайсці ў адстаўку, каб дзяржаўныя службоўцы не трапілі пад пагрозы і нападкі.

У Балівіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 20 кастрычніка пачаліся пратэсты. Вышэйшы выбарчы суд Балівіі, які выконвае функцыі выбарчай камісіі, абвесціў, што пасля падліку 99,9% галасоў Маралес перамагае ў першым туры. Яго асноўны супернік экс-прэзідэнт Карлас Меса заявіў, што не прызнае перамогу Маралеса.

Еўразвяз заявіў пра неабходнасць правесці другі тур выбараў, каб аднавіць давер да ўлады і забяспечыць дэмакратычны выбар грамадзян Балівіі. З заклікамі правесці другі тур выбараў выступілі таксама ЗША і некаторыя краіны Лацінскай Амерыкі. Ахвярамі сутычык у Балівіі сталі мінімум тры чалавекі, былі траўмаваныя ці параненыя больш 380 чалавек. 9 лістапада пратэстоўцы ў Балівіі захапілі дзяржаўны тэлеканал і радыё.

Урэшце 10 лістапада Маралес пагадзіўся на новыя выбары прэзідэнта краіны.

Беларускае Радыё Рацыя