Прэзідэнтам Эстоніі абралі жанчыну



У час пазачарговага паседжання парламент Эстоніі – рыйгікогу – абраў 46-гадовую Керсці Кальюлайд прэзідэнтам краіны, паведаміла парламенцкая прэс-служба. У выніку таемнага галасавання яна, як адзіная кандыдатка, набрала 81 голас.

Для таго, каб кандыдат быў абраны, ён павінен быў атрымаць падтрымку ня менш 2/3 складу парламенту, значыць ня менш 68 галасоў. У галасаванні ўзялі ўдзел 98 дэпутатаў. 17 выбарчых бюлетэняў засталіся незапоўненымі.

З 2004 году Кальюлайд працавала прадстаўніцай Эстоніі ў Еўрапейскай рахунковай палаце. Яна стала першай жанчынай, абранай прэзідэнтам Эстоніі.

Да гэтага рыйгікогу цягам месяца пяць разоў спрабаваў абраць прэзідэнта. Ні дэпутаты, ні створаная, як таго патрабуе заканадаўства, калегія выбарцаў, не маглі вызначыць пераможцу, які б атрымаў бальшыню галасоў.

Паўнамоцтвы ранейшага галавы дзяржавы Томаса Хендрыка Ільвеса сканчаюцца ў кастрычніку. Ён займаў свой пост другі раз і паводле канстытуцыі, ня мог быць абраны на трэці тэрмін.

Беларускае Радыё Рацыя