Прэзідэнтам Латвіі выбралі Эдгарса Рынкевічса
Прэзідэнтам Латвіі выбралі Эдгарса Рынкевічса, на якога ў Беларусі пачалі крымінальную справу за бел-чырвона-белы сцяг.
Сейм Латвіі на пазачарговым пасяджэнні выбраў новага прэзідэнта. Большасць галасоў атрымаў Эдгарс Рынкевічс, які шмат гадоў працуе на пасадзе міністра замежных спраў краіны, піша Delfi.lv. Рынкевічса вылучала на пасаду прэзідэнта партыйнае аб’яднанне “Новае адзінства”. Цяперашні прэзідэнт краіны Эгілс Левітс раней заявіў, што не будзе балатавацца на новы тэрмін.
У 2021 годзе ўлады Беларусі завялі на Рынкевічса і мэра Рыгі Мартыньша Стакіса крымінальную справу за замену дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы. Тады шэф МЗС Латвіі заявіў, што факт завядзення справы супраць яго і калегі “паказвае адчай і вар’яцтва рэжыму Лукашэнкі”.