Прэзідэнтаў еўрапейскіх краін просяць умяшацца ў справу Курапатаў (абноўлена)



Зварот да еўрапейскіх лідараў у справе Курапатаў. Прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый Беларусі прынялі заяву да кіраўнікоў чатырох краін Еўразвязу, прадстаўнікі якіх прыляцяць у Беларусь на адкрыццё мемарыялу Трасцянец. Беларускія актывісты ўпэўненыя, што гісторыя Курапатаў не менш трагічная за гісторыю Трасцянца, і дзеля справядлівасці неабходна ўшанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Падпісанне заявы ў інтэрв’ю нашаму радыё праанансаваў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:

– На офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў мы збярэмся, прадстаўнікі творчых саюзаў, рухаў, партыяў, для таго, каб падпісаць заяву-зварот да прэзідэнтаў Польшчы, Германіі, Ізраіля і Аўстрыі, якія маюць прыехаць 29 чэрвеня на адрыццё мемарыяла Трасцянец. Мы лічым, што Трасцянец і Курапаты неразрыўна звязаныя адным ланцугом. І мы просім прэзідэнтаў альбо ўпаўнаважаных прадстаўнікоў іх краін наведаць Курапаты і ўскласці кветкі на магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Мы лічым, калі гэты крок будзе зроблены, то рашэнне па “Бульбаш-холе”, па тым, каб яго адсюль прыбраць, будзе прынятае досыць хутка.

 Усе арганізацыі, якія прынялі заяву, выступаюць супраць забаўляльнага комплексу “Поедем, паедим” у Курапатах.

* * *

Грамадскія дзеячы Беларусі звярнуліся да кіраўніцтва Германіі, Польшчы, Аўстрыі ды Ізраіля з заклікам уключыць наведванне Курапатаў у праграму бліжэйшага афіцыйнага візіту ў Беларусь.

Вельмішаноўныя спадары Франк Вальтэр Штайнмайер, Анджэй Дуда, Ван дэр Бэлен, Рэўвен Рыўлін!

Паводле інфармацыі афіцыйнага Мінска, 29 чэрвеня запланаваны Ваш візіт у Беларусь на адкрыццё Мемарыяла ў Трасцянцы – нацысцкім лагеры смерці, дзе ў 1941-44 гадах было знішчана больш як 206 тысячаў чалавек.

Побач з Мемарыялам Трасцянец знаходзіцца ўрочышча Благаўшчына, месца пахавання ахвяраў бальшавіцкага рэжыму. Але над ім не помнік, не крыжы, а гарадская звалка-сметнік. І гэта невыпадкова: беларускія ўлады дасюль утойваюць факт камуністычнага генацыду, маштабы сталінскіх рэпрэсій. На Беларусі сотні такіх пахаванняў – і толькі Курапаты сталіся адзіным месцам ушанавання ахвяраў камуністычнага тэрору, юрыдычна прызнаным дзяржавай. Але нават тут рэгулярна адбываюцца акты вандалізму.

У пачатку чэрвеня ў ахоўнай зоне найбуйнейшага беларускага нацыянальнага некропалю Курапаты, дзе сталінскія каты ў 1937-1941 гадах расстралялі да 250 тысячаў бязвінных людзей, з дазволу ўладаў адчыніўся рэстаранна-забаўляльны комплекс.

Курапаты, адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце некропаляў ахвяраў таталітарных рэжымаў, стаяць у адзіным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам, Катынню. З’яўленне ў ахоўнай зоне мемарыялу рэстаранна-забаўляльнага комплексу выклікала абурэнне беларускага грамадства. Але на гэты вандалізм ніяк не адрэагавалі афіцыйныя ўлады. Больш за тое, яны пачалі пераслед не тых, хто вінаваты ў здзеку з памяці закатаваных, а людзей, якія арганізавалі бестэрміновую варту пратэсту з патрабаваннем зачыніць рэстаранна-забаўляльны комплекс у Курапатах.

Мы просім Вас звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў. 

Звяртаемся да Вас, а таксама да афіцыйных кіраўнікоў Вашых дэлегацый, з заклікам уключыць Курапаты ў праграму візітаў у Беларусь. Мы просім Вас ускласці кветкі на магілы безыменных ахвяраў камуністычнага тэрору.   Нацысцкія і камуністычныя злачынствы супраць чалавечнасці мусяць быць асуджаныя, каб яны не паўтарыліся.

Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Ірына Вештард, “Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)”

Юрый Губарэвіч, Рух “За Свабоду”

Анатоль Лябедзька, “Аб’яднаная грамадзянская партыя”

Алена Макоўская, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

Вольга Нікалайчык, “Еўрапейская Беларусь”

Уладзімір Някляеў, “Беларускі нацыянальны кангрэс”

Алесь Пашкевіч, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Барыс Пятровіч (Сачанка), ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Павел Севярынец, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”

Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасці „Разам”

Ніна Шыдлоўская, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

Аляксей Янукевіч, “Партыя БНФ”

* * *

Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці звярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнтаў Нямеччыны, Польшчы, Аўстрыі ды Ізраіля з просьбай паўплываць на сітуацыю ў Курапатах.

Ліст падпісалі прадстаўнікі творчых саюзаў і палітычных партый. Яго плануецца распаўсюдзіць па дыпламатычных каналах. Прэзідэнты чатырох названых краін 29-га чэрвеня плануюць прыбыць у Менск для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы — на месцы аднайменнага канцэнтрацыйнага лагера, які дзейнічаў у гады Другой сусветнай вайны.

У адкрытым лісце адзначаецца, што Курапаты, дзе нядаўна адкрыўся рэстаранна-забаўляльны комплекс “Паедзем паядзім”, стаяць у адным шэрагу з Асвенцымам  і Катынню.

Гэта адно з самых вялікіх у Еўропе і свеце пахаванняў ахвяр таталітарных рэжымаў. Адкрыццё Курапатаў лідарам беларускага дэмакратычнага руху Зянонам Пазняком 30 гадоў таму, шок маштабаў сталінскіх рэпрэсій па ўсім Саюзе сталі адной з прычын развалу савецкай імперыі„, — гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары адзначаюць, што 31 мая дзясяткі актывістаў дэмакратычнага руху арганізавалі бестэрміновую акцыю пратэсту з патрабаваннем закрыць забаўляльны комплекс у Курапатах. Актывісты просяць прэзідэнтаў чатырох краін „звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў”.

Мы звяртаемся да вас з заклікам уключыць у праграму свайго візіту ў Беларусь і Курапаты. Мы просім вас ускласці кветкі на магілы безыменных ахвяраў камуністычнага тэрору. Нацысцкія і камуністычныя злачынствы супраць чалавечнасці павінны быць асуджаныя, каб не паўтарыцца„, — гаворыцца ў адкрытым лісце.

Зараз ля ўваходу ў рэстаранна-забаўляльны комплекс знаходзяцца сем актывістаў. Яны спрабуюць перашкаджаць праезду на яго тэрыторыю аўтамабіляў.

БелаПАН