Прэзідэнцкая кампанія можа прывесці да зменаў у Беларусі
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2020 годзе пройдуць без сюрпрызаў. Так лічыць палітык Васіль Палякоў.
Аднак дадае, што ўсё залежыць ад паводзінаў уладаў.
– Кампанія пройдзе як звычайна. Насамрэч, усё залежыць ад таго наколькі дзейная ўлада можа кантраляваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Зараз такое ўражанне, што яна не зусім кантралюе. Калі стане відавочна, што ўлада губляе сваю трываласць, адпаведна пачнецца пэўны рух, будзе актыўнасць, будуць людзі больш схільныя да ўдзелу ў пратэстах. Тады, безумоўна, прэзідэнцкая кампанія можа стаць такім каталізатарам, які прывядзе да зменаў у Беларусі.
Апазіцыйныя дзеячы ў рэгіёнах адзначаюць, што ў Беларусі патрэбны новы кандыдат у прэзідэнты. Гомельскі палітык Васіль Палякоў лічыць, што такі лідар з’явіцца толькі тады, калі пачнуцца перамены. Паводле прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, апазіцыйнае кола пакуль не гатовае прыняць “новы твар” у палітыцы:
– З аднаго боку, проста так ніхто не з“яўляецца. А з іншага – калі пачнуцца пэўныя перамены, калі пачнецца рэальны палітычны працэс, з“явяцца новыя асобы, і гэтыя асобы змогуць пра сябе заявіць. І той, хто будзе больш харызматычны, і зможа павесці за сабой людзей.
Падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, кандыдатамі з’яўляліся Аляксандр Лукашэнка, сябра апазіцыйнай партыі БСДП “Грамада” Таццяна Караткевіч, прадстаўнікі праўладных ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч і Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч.
Выбары прэзідэнта Беларусі запланаваныя на 2020 год. Папярэдніх пяць электаральных кампаній заканчваліся перамогай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя