Прэзідэнцкія выбары–2015: парушэнні ў рэгіёнах (абноўлена)
Двух назіральнікаў Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі чарговы раз не дапусцілі да праверкі подпісаў, сабраных за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Адказ з адмовай атрыманы за подпісам намесніка старшыні Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі Аляксандра Крагеля, кажа адзін з назіральнікаў Сяржук Русецкі:
– Фактычна гэта і не прадугледжана тым жа выбарчым Кодэксам, не для таго Палата прадстаўнікоў прымала гэты закон, а Аляксандр Лукашэнка яго падпісваў, каб ствараць умовы нейкім там назіральнікам правяраць подпісы. Ці мала што яны там знойдуць. У выніку будзе праведзена паседжанне раённай выбарчай камісіі, дзе будуць агучаныя ўсе моманты і збольшага апішуць, чым скончыўся працэс праверкі.
Паводле Русецкага, хада выбарчай кампаніі паказвае, што пасаду прэзідэнта атрымае на чарговыя 5 гадоў адзін прэтэндэнт, які кіруе краінай на працягу 21 года, хаця і беспаспяхова.
* * *
Прысутнічаць пры праверцы подпісаў патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта паспрабаваў у Берасці незалежны назіральнік, праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Аднак у тэрытарыяльнай камісіі Маскоўскага раёна патлумачылі, што такое не прадстаўляецца магчымым. Вялічкін не згодны з такой фармулёўкай і лічыць, што падобныя патрабаванні грамадзянаў рэгламентуюцца выбарчым кодэксам, а менавіта выбары павінны праходзіць у Беларусі празрыста:
– Калі захацеў азнаёміцца з тым, як ідзе праверка подпісаў, то мне старшыня камісіі сказала, што гэта рабочы момант, і назіральніку там няма чаго рабіць, бо гэта не паседжанне камісіі. Я лічу, што выбары, паводле Канстытуцыі, выбарчага заканадаўства, праводзяцца адкрыта і галосна. Гэту непажаданасць я лічу забаронай назіральнікам бачыць увесь гэты працэс.
Асаблівую цікавасць для незалежнага назіральніка прадстаўляюць подпісы за дзейнага прэзідэнта, бо не выключана, што спісы падпісантаў надрукаваныя з дапамогаю камп’ютара, а не напісаныя ад рукі. Гэта можа сведчыць пра прымус ставіць подпісы працоўных, сябраў прафсаюзаў і іншых установаў.
* * *
Тым часам, у бярозаўскіх раённых сродках масавай інфармацыі – газеце “Маяк” і сайце раённага выканаўчага камітэта – створаны няроўныя ўмовы для прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Уся ўвага аддаецца толькі Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта сцвярджае сябра ініцыятыўнае групы Таццяны Караткевіч – Таццяна Тарасевіч:
– У газеце “Маяк” нічога не было пра збор подпісаў за Таццяну Караткевіч. Толькі за Аляксандра Лукашэнку. Там і здымкі пікетаў, і збору подпісаў за яго. А за Караткевіч нібы і не было нічога. Хоць яна асабіста прыязджала ў Бярозу, сустракалася з грамадзянамі, якія аддавалі свой голас за яе.
Адзначым, што за Караткевіч у Бярозе сабрана 1 131 подпіс. Інфармацыя пра збор подпісаў за Караткевіч са здымкамі пікетаў накіраваная ў раённую газету і ў райвыканкам.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце