Прэзідэнцкія выбары ў Малдове
У Малдове 1 лістапада праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Па ўсёй краіне працуюць 2004 выбарчыя ўчасткі, яны будуць адкрытыя да 21-й гадзіны (да 22-й па беларускім часе). Яшчэ 139 участкаў адчынены за мяжой.
Паводле пастановы Цэнтрвыбаркама з 2143 участкаў 42 адчынены для грамадзян Малдовы з правам голасу, якія жывуць у Прыднястроўі. Яны будуць адчынены ў Кішынёве, Бельцах, а таксама ў населеных пунктах, размешчаных блізка ад адміністратыўнай мяжы з Ністрэніяй (Прыднястроўем).
На пост прэзідэнта Малдовы балатуюцца 8 кандыдатаў. Гэта Рэната Усаты („Наша партыя”), Андрэй Нэстасе („Платформа DA”), Тудар Дэліу (Ліберальна-Дэмакратычная партыя Малдовы), цяперашні прэзідэнт Ігар Дадон (пазіцыянуе сябе як нібыта незалежны кандыдат), Віялета Іванова (партыя „Шор”), Майя Санду (партыя „Дзеянне і салідарнасць”), Актавіян Цыку (Партыя нацыянальнага адзінства) і Дорын Кіртоакэ (выбарчы блок „Unirea” („Аб’яднанне”). У такім парадку прозвішчы кандыдатаў размешчаны ў выбарчым бюлетэні.
Паводле прагнозаў і вынікаў сацапытанняў, лёс пасады прэзідэнта вырашыцца ў другім туры выбараў, 15 лістапада, паміж двума асноўнымі кандыдатамі – прарасейскім Дадонам і былой прэм’ер-міністрам праеўрапейскай Санду. У 2016 годзе гэтыя два кандыдаты ўжо змагаліся ў другім туры. Дадон тады атрымаў у першым туры крыху больш 48% галасоў, апярэдзіўшы Санду на 10 тысяч галасоў. У другім туры тады перамог Дадон, якога падтрымлівае Расея, – ён набраў тады на 4% больш галасоў, чым Санду – за яго прагаласавала каля 67 тысяч выбарцаў.
Паводле прагнозаў, сітуацыя 2016 года можа паўтарыцца і зараз.
Беларускае Радыё Рацыя