Прэзідэнты Латвіі і Літвы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі



Падтрымліваць намаганні для правядзення ў Беларусі свабодных прэзідэнцкіх выбараў у 2021 годзе дамовіліся прэзідэнты Латвіі Эгілс Левітс і Літвы Гітанас Наўседапаведаміла прэс-службы літоўскага лідара па выніках праведзеных 12 лютага анлайн-перамоў кіраўнікоў дзвюх дзяржаў.

Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, дзе „працягваецца прымяненне сілы” ў дачыненні да грамадзян, дамовіліся працягнуць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэнні, падрыхтаваць на рэгіянальным узроўні дадатковыя санкцыі ў дачыненні да адказных за парушэнні правоў і свабод чалавека.

„Мы павінны падтрымліваць тых, хто імкнецца да свабоды, дэмакратычных каштоўнасцяў, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, абараняе правы чалавека і свабоды”, — заявіў Наўседа.

Лідары Латвіі і Літвы абмеркавалі таксама пытанні бяспекі Беларускай АЭС і барацьбы са з`яўленнем на балтыйскім рынку электраэнергіі з „ненадзейных атамных станцый трэціх краін”.

Паводле інфармацыі прэс-службы латвійскага прэзідэнта, Левітс і Наўседа пагадзіліся з тым, што Еўрасаюз павінен і далей выступаць адзіным фронтам у падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа.

У той жа дзень беларускае пытанне абмеркавалі на сустрэчы ў Рызе кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін Эдгарс Рынкевічс і Габрыэлюс Ландсбергіс. „Абодва міністры падкрэслілі, наколькі важна для Латвіі, Літвы і Эстоніі працягваць узаемную каардынацыю і гаварыць адзіным голасам аб сітуацыі ў Беларусі”, — паведаміла прэс-служба МЗС Латвіі.

belapan.by

Фота: lrp.lt