Прэзідэнты Літвы і Польшчы не паехалі ў Ізраіль з-за Пуціна



Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда не прысутнічаюць у Ізраілі на Сусветным форуме памяці Халакосту.

Як паведамляе AFP са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта Літвы Антанаса Бубняліса, Гітанас Наўседа „папрасіў, каб Літву ў Ерусаліме прадставіў спікер пардаменту”.

Як адзначае Ru.delfi, Бубняліс адмовіўся каментаваць сувязь паміж рашэннем Наўседы не ехаць у Ерусалім з удзелам у мерапрыемстве прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Раней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама адмовіўся ад удзелу ў форуме. Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, што кіраўнік Расеі будзе граць на мерапрыемстве ў Ізраілі ролю першага плану, а прэзідэнта Польшчы не ўключылі ў спіс спікераў.

Варшава мяркуе, што Пуцін, які будзе выступаць на форуме з дзвюмя прамовамі, можа зноў звінаваціць Польшчу ў антысемітызме, а таксама ў развязванні Другой сусветнай вайны.

Раней, у канцы снежня, Польшча заявіла пра неаднаразовую і наўмысную хлусню Пуціна, пасля таго як ён 19 снежня заявіў, што „Польшча сама паўдзельнічала ў падзеле Чэхаславакіі”

Высокапастаўленая крыніца ў Ізраілі на ўмовах ананімнасці расказала AFP, што Ізраіль „не хоча ўдзельнічаць у спрэчках паміж Расеяй і Польшчай”.

Беларускае Радыё Рацыя