Прэзідэнты Літвы і Украіны дамовіліся разам падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць



Разам падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць у барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека дамовіліся прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа і Украіны Уладзімір Зяленскі падчас тэлефоннай размовы 7 снежня.

Бакі „абмеркавалі напружаную сітуацыю ў суседняй Беларусі”, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы літоўскага лідара. „Мы бачым, што цяперашняя сітуацыя не паляпшаецца. Таму вялікае значэнне мае працяг санкцый ЕЗ супраць беларускага рэжыму. Мы вітаем рашэнне Украіны далучыцца да пакета санкцый ЕЗ супраць рэжыму”, — сказаў Наўседа.

Ён праінфармаваў Зяленскага аб выніках перамоў з „лідарам грамадзянскай супольнасці Беларусі Святланай Ціханоўскай”, якія адбыліся 24 лістапада.

Наўседа таксама падкрэсліў, што Літва разлічвае на нязменную салідарнасць Украіны ў адмове ад куплі электраэнергіі, што выпрацоўваецца на „Беларускай АЭС, якая не адпавядае патрабаванням аховы навакольнага асяроддзя і ядзернай бяспекі”.

У паведамленні прэс-службы Зяленскага па выніках размовы з Наўседай беларускае пытанне не згадваецца.

belapan.by