Прэзідэнты Польшчы і Літвы пра падтрымку Беларусі



Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа 5 лютага правёў тэлефонную размову з польскім калегам Анджэем Дудам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня двухбаковых адносін, пытанні пастаўкі вакцын, сітуацыю з правамі чалавека і працяглыя пратэсты ў Беларусі і Расеі, а таксама рэалізацыю палітыкі Усходняга партнёрства, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Літвы.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня палітыкі Усходняга партнёрства, асаблівая ўвага надавалася сітуацыі ва Украіне і Беларусі.

„Прэзідэнты выказалі аднадушную падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама барацьбе з дэзынфармацыяй і прапагандай, якая распаўсюджваецца недружалюбнымі краінамі. Кіраўнікі дзяржаў выказалі салідарнасць з беларускай грамадзянскай супольнасцю, якая вядзе барацьбу за дэмакратычныя выбары і правы чалавека, і адзначылі неабходнасць сумеснымі намаганнямі падтрымліваць доўгатэрміновае бачанне дэмакратычнай Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Бакі абмеркавалі правядзенне саміту Усходняга партнёрства ў другой палове гэтага года. Было адзначана, што цэнтральнай тэмай саміту павінен стаць пошук рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці і прынцыпаў вяршэнства права ў краінах — удзельніцах праграмы „Усходняе партнёрства”. Прэзідэнты дамовіліся дамагацца падчас саміту падпісання сумеснай дэкларацыі, у якой была б замацаваная маштабны будучы парадак дня Усходняга партнёрства.

Як паведамлялася, 29 студзеня экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у анлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС Люблінскага трохкутніка — Украіны, Польшчы і Літвы. Яна падзякавала краіны Люблінскага трохкутніка за дапамогу беларусам. Паводле слоў Ціханоўскай, яна бачыць „унікальны гістарычны шанец закласці аснову для трывалага мірнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Літвой”. У гэтым плане яна прапанавала ператварыць Люблінскі трохкутнік у Люблінскую чацвёрку — „з удзелам дэмакратычнай Беларусі”, што было б „гістарычна справядліва і стварыла б умовы для больш эфектыўнага рэгіянальнага супрацоўніцтва”.

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба пасля сустрэчы заявіў журналістам, што „без Беларусі Люблінскі трохкутнік з’яўляецца крыху не поўным”. „Мы б хацелі, каб дэмакратычная Беларусь далучылася і ператварыла яго ў Люблінскую чацвёрку. Сітуацыя ў Беларусі ўплывае не толькі на двухбаковыя адносіны гэтай краіны з суседзямі, але і на сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым”, — сказаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

belapan.by