Прэзідэнты Польшчы і Украіны абмяркуюць пытанне бяспекі ў рэгіёне
Прэзідэнты Польшчы і Украіны абмяркуюць пытанне бяспекі ў рэгіёне. Анджэй Дуда прыме Уладзіміра Зяленскага ў рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы ў гарадку Вісла на поўдні краіны.
Перамовы пачнуцца ў другой палове дня ў вузкай групе. На мерапрыемства не запрошаныя СМІ. Падчас двухдзённых перамоваў прэзідэнты абмяркуюць сітуацыю з бяспекай у рэгіёне, уключаючы пагрозу далейшай агрэсіі Расеі ва Украіне.
Перамовы прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Уладзіміра Зяленскага адбываюцца пасля візіту ў Кіеў амерыканскага дзяржсакратара Энтані Блінкена. Ён абяцаў дапамогу Украіне ў выпадку расейскай агрэсіі. Міністр замежных справаў Украіны Дзмітры Кулеба заявіў, што Кіеў чакае, што ЗША і ЕЗ узгодняць пакет санкцый супраць Расеі.
Апошнім часам фіксуецца прысутнасць больш за сто тысяч расейскіх жаўнераў каля мяжы з Украінай. Масква патрабуе ад NATO вывесці войскі са свайго ўсходняга флангу і абяцаць, што Альянс не будзе пашыраць свой уплыў на Усходнюю Еўропу.