Прэзідэнты Польшчы і Украіны размаўлялі пра бяспеку і гістарычную праўду
“Мы мусім клапаціцца, каб усімі намаганнямі дабіцца праўды, і каб няпраўда і паклёп не ляглі ценем на адносіны паміж Польшчай і Украінай,” – сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас свайго візіту ва Украіну. На супольнай прэс-канферэнці прэзідэнтаў Польшчы і Украіны ў Харкаве – Пятро Парашэнка адзначыў, што адной з тэмаў перамоваў было “пытанне гістарычнай палітыкі”.
Анджэй Дуда падчас прэс-канфэрэнцыі прызнаў, што паміж Польшчай і Украінай ёсць “шмат складаных пытанняў”.
Ён выказаў таксама спадзяванні, што атрымаецца вырашыць іх “у рамках добрасуседскага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі і грамадствам”:
– Вельмі часта тое, што адбывалася шмат гадоў таму, уплывае на нашу сучаснасць. Вельмі часта гэта праходзіць праз разбітыя сэрцы, праз людскі боль. Мы, як палітыкі, мусім гэта разумець і паважаць. І перадусім у кантэксце гісторыі мусім дбаць пра імкненне да праўды.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда знаходзіцца з візітам ва Украіне. Галоўнай тэмай перамоваў стала палітыка бяспекі ў кантэксце сітуацыі на ўсходзе Украіны. Прэзідэнт Польшчы сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, назіральнікамі Місіі АБСЕ. Таксама аддаў даніну памяці польскім жаўнерам, забітым карнікамі НКУС, якія пахаваны на могілках ахвяраў таталітарызму ў Харкаве.
Беларускае Радыё Рацыя