Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі папярэдзілі NATO пра пагрозу з боку Беларусі
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з польскім і латвійскім калегамі Анджэем Дудам і Эгілсам Левіцам напісалі ліст генсакратару NATO Енсу Столтэнбергу, у якім папярэджваюць пра пагрозу з боку Беларусі. Ліст распаўсюдзіла прэс-служба літоўскага прэзідэнта.
У лісце тры лідары заяўляюць, што супрацоўніцтва паміж Масквой і Менскам падрывае бяспеку рэгіёна і ўсёй еўраатлантычнай прасторы.
Прэзідэнты адзначаюць, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі і яе рэсурсы для сваёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны, што сведчыць аб усё больш цеснай вайсковай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі. «Яе нядаўняй праявай стала размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Гэта эскалацыйны крок у кантэксце вайны ва Украіне і прамая пагроза бяспецы нашай супольнасці», — гаворыцца ў лісце.
Наўседа, Дуда і Левіц таксама папярэджваюць, што перамяшчэнне расійскіх наймітаў «Вагнера» і іх лідара Яўгена Прыгожына ў Беларусь «створыць рызыку для палітычнай стабільнасці ў Беларусі і, як вынік, [азначае] патэнцыйную страту кантролю над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі».
Прэзідэнты таксама адзначаюць, што прысутнасць вагнераўцаў можа прымусіць Беларусь аднавіць правакацыі з мігрантамі на мяжы з Еўразвязам.