Прэзідэнты Расеі і Украіны ўпершыню правялі тэлефонную размову



Прэзідэнты Расеі і Украіны Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі ўпершыню пагутарылі па тэлефоне.

Фота Life.ru

Як паведамляе прэс-служба Крамля, размова адбылася 11 ліпеня па ініцыятыве ўкраінскага боку.

„Абмяркоўваліся пытанні ўрэгулявання на паўднёвым усходзе Украіны і сумеснай працы па вяртанні асоб, якія ўтрымліваюцца з абодвух бакоў. Дасягнутая дамоўленасць аб працягу гэтай працы на ўзроўні экспертаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пуцін і Зяленскі таксама абмеркавалі магчымасць працягу кантактаў у „нармандскага фармаце”.

11 ліпеня, размаўляючы з журналістамі, Пуцін заявіў, што Расея гатовая да перамоваў па Украіне ў любым фармаце.

„Мы ніколі не адмаўляліся ні ад аднаго з прапанаваных фарматаў, у тым ліку ад пашырэння „нармандскага фармату”, — цытавала расійскага прэзідэнта агенцтва ТАСС. — Але, па-першае, гэты „нармандскі фармат” і сустрэча на вышэйшым узроўні павінны быць добра падрыхтаваныя, гэта відавочная рэч. Па-другое, больш-менш пра штосьці можна будзе казаць пасля канчатковага фарміравання новага ўрада Украіны і правядзення выбараў у парламент краіны. Па-трэцяе, я не ведаю, як рэагуюць [на гэтае запрашэнне] іншыя ўдзельнікі прапанаванага фармату”.

8 ліпеня Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам, у якім прапанаваў Пуціну правесці сустрэчу ў Менску. „Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, — сказаў прэзідэнт Украіны. — Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон”.

„Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Менску. Мы не мяняем і не адмаўляемся ні ад якіх дыпламатычных фарматаў. Мы прапануем пагаварыць”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ўкраінскага калегі. „Наш прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскага. Гэтая пазіцыя нязменная — і заключаецца яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гармат, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх шмат”, — паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

„Што да абвешчаных прапаноў пра ўдзельнікаў сустрэчы, то ўсе напэўна памятаюць — прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў, што „гэтую праблему павінны вырашыць мы — тры славянскія народы. Не еўрапейцы, не амерыканцы, а менавіта мы, каб яна не была замарожаная па прыкладзе іншых гарачых пунктаў на постсавецкай прасторы”. Аднак калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту — у гэтым выпадку Украіна — настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама. Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў — без амерыканцаў вырашыць гэтую праблему будзе складана, ужо занадта яны пагружаныя ў гэтыя працэсы”, — адзначыла прэс-служба.

ЗША, Вялікабрытанія і Францыя заявілі, што вітаюць намаганні прэзідэнта Украіны па ажыўленні мінскага працэсу і намеры дабівацца прагрэсу ва ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Берлін ініцыятыву Зяленскага „прыняў да ведама”.

belapan.by