Прэзідэнты шасці краін прыедуць у Менск на саміт АДКБ



Лідары Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расеі і Таджыкістана збяруцца сёння ў Менску для ўдзелу ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Як паведаміла прэс-службы АДКБ, сесія пройдзе ў вузкім складзе і ў фармаце пленарнага пасяджэння. Удзельнікі саміту абмяркуюць тэндэнцыі развіцця міжнароднай сітуацыі і меры, якія прымаюцца па ўмацаванні калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Плануецца прыняцце дэкларацыі ў сувязі з 25-годдзем дагавора і 15-годдзем стварэння АДКБ.

На разгляд прэзідэнтаў плануецца вынесці праект рашэння „Аб плане рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы на перыяд да 2025 года”.

Улічваючы, што ў 2017—2018 гадах старшынства ў АДКБ пераходзіць да Казахстана, казахстанскі прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў раскажа пра прыярытэты на перыяд старшынства ў наступным міжсесійным перыядзе.

Будуць разгледжаны пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, а таксама структуры сакратарыята і аб’яднанага штаба АДКБ, прыняцця бюджэту АДКБ на 2018 год.

Чакаецца падпісанне дакументаў, якія тычацца супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйнай бяспекі і ўдасканалення мер па супрацьдзеянні незаконнай міграцыі.

Усяго на парадку дня саміту — больш за 20 пытанняў.

Перад пачаткам сесіі ў Мінску пройдзе сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ, на якім будуць абмяркоўвацца праекты дакументаў, што выносяцца на разгляд кіраўнікоў дзяржаў. БелаПАН