Пройдзе пашыранае паседжанне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР



У Менску ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца пашыранае паседжанне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, аргкамітэт створаны яшчэ ў мінулым годзе і яго праца імкліва пашыраецца:

– Ганаровым старшынём гэтага камітэта з’яўляецца Радзім Гарэцкі. Выканаўчым старшынём – Мікола Купава. У гэты аргкамітэт уваходзіць партыя БНФ, ад партыі ў працы камітэта ўдзельнічаю я, як старшыня партыі, Аляксей Янукевіч, Аляксей Марачкін і іншыя сябры нашай партыі. Ужо адбыўся шэраг паседжанняў аргкамітэта. А сёння адбудзецца больш шырокае паседжанне.

Таму на паседжанне аргкамітэта запрошаны і далі згоду ўдзельнічаць  кіраўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч і Ўладзімір Някляеў. Таксама запрошаны да ўдзелу і кіраўнікі Павацэнтрысцкай кааліцыі, у склад якой уваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух „За свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, – распавёў Рыгор Кастусёў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.