Простыя расейцы падтрымліваюць пратэсты супраць інтэграцыі



СМІ  Смаленскай вобласці – памежнага рэгіёну Расеі, дзе, здавалася б, тэма інтэграцыі з Беларуссю  павінна быць найбольш актуальнай,  практычна абышлі ўвагай менскія акцыі 7 і 8 снежня.

Але ў сацыяльных сетках акцыі пратэсту горача абмяркоўваюцца. У прыватнасці, відэа, дзе беларускія пратэстоўцы разрываюць партрэты Пуціна, набрала ў групе Readovka  “ВКонтакте” каля 47  тысяч праглядаў і больш за 400 каментароў.

Значная частка  гэтых каментароў – гэта словы падтрымкі. Паводле меркаванняў удзельнікаў дыскусіі, беларусы слушна робяць, калі адстойваюць суверэнітэт сваёй краіны.

На думку некаторых, стварэнне  агульнай саюзнай дзяржавы – гэта пагроза таго, што Уладзімір Пуцін атрымае права балатавацца на пасаду прэзідэнта новага дзяржаўнага ўтварэння, што многія ў Расеі лічаць непажаданым. Некаторым хацелася б, каб на чале новай дзяржавы апынуўся Аляксандр Лукашэнка – “моцная рука”, як лічыць частка насельнікаў Расеі. Яны сімпатызуюць кіраўніку Беларусі, які звальняе чыноўнікаў за “обос..ных кароваў”, або вяртае на працу настаўніцу, звольненую за мацюкі на адрас сваіх вучняў. Але ў каментарах згадваецца і беспадстаўна жорсткае стаўленне да любых праяваў іншадумства.

Што крыўдзіць аўтараў каментароў – дык гэта варожая рыторыка, скіраваная супраць Расеі ў цэлым. У якасці контраргументаў гучаць заўвагі пра тое, што беларусы масава едуць у “ненавісную Расею” на працу, якая ратуе іхныя сем’і ад нішчымніцы.

Вядома, не абышлося ў каментарах і без звыклых ужо рытарычных заўваг,  кшталту  “яны хочуць новага Майдану”, абвінавачанняў і абразаў у бок Еўразвязу,  заклёнаў “мы адзіны народ, у нас аднолькавы ген”.

Зрэшты, удзельнікі дыскусіі самі заўважылі, што ў аўтараў самых праімперскіх і самых варожых да Еўропы, Украіны і пратэстнай Беларусі каментароў – закрытыя профілі “Вконтакте”, дзе  няма ні рэальных фотаздымкаў, ні іншай асабістай інфармацыі.  І прыгадалі, што кошт падобных выказванняў – 15 рублёў.

________________________________________________________________

“Рэадоўка” – гэта мясцовая назва Рэадоўскага парку ў Смаленску, папулярнага месца адпачынку гараджан. Такую ж назву ўзяў сабе мясцовы навінавы партал Readovka.ru, які да нядаўняга часу асвятляў падзеі на Смаленшчыне, але з траўня гэтага году  адмовіўся ад выключна рэгіянальнай тэматыкі, публікуючы навіны з усёй федэральнай акругі. Удзельнікі аднайменнай групы “Вконтакте” – гэта пераважна жыхары Смаленску, бліжэйшага да Беларусі расейскага абласнога цэнтру. Аднак відавочна, што ў дыскусіі пра акцыі пратэсту супраць інтэграцыі бралі ўдзел і насельнікі іншых расейскіх гарадоў. Таму можна казаць, што ідэя беларуска-расейскай інтэграцыі выклікае сумневы ў мэтазгоднасці ў даволі шырокіх колах насельніцтва Расейскай Федэрацыі.

Генрых Сухадольскі для  Беларускага Радыё Рацыя