Прыхільнік “рускага міру” зламаў бел-чырвона-белы сцяг на пікеце Статкевіча
Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) прыехаў у Віцебск, каб падтрымаць сваіх аднадумцаў, якія збіраюцца ўзяць удзел у будучай парламенцкай выбарчай кампаніі. Мікалай Статкевіч выступіў перад гараджанамі на пікеце па зборы подпісаў каля гандлёвага цэнтру “Мarko-сіці” і адказаў на пытанні прысутных.
Пакуль палітык вёў размовы з неабыякавымі да лёсу краіны гараджанамі, за іх спінамі здарыўся прыкры інцыдэнт, распавяла каардынатрка аргкамітэту па стварэнні БХД Таццяна Севярынец:
– Я пачула такі нейкі трэск – гэта мужчына зламаў сцяг. Мы паставілі вакол некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў з партыйнай сімволікай. Мне паказалі гэтага чалавека, ён сталага ўжо ўзросту. Нешта там вёрз пра тое, што “гэты сцяг быў побач з фашысцкім”, нешта такое. Відаць, замбіраваны чалавек, які не ведае гісторыі сапраўднай.
Анатоль Шлыкаў
Высветлілася, што хуліганскі ўчынак здзейсніў вядомы ў горадзе прыхільнік “рускага міру” Анатоль Шлыкаў – панамар аднаго з праваслаўных храмаў і аўтар шэрагу антыбеларускіх артыкулаў на на такіх адыёзных інтэрнэт-рэсурсах, як REGNUM і Teleskop. Прысутныя выклікалі міліцыю, і гаспадар сцяга напісаў заяву пра псаванне маёмасці і хуліганства ў грамадскім месцы. Тым часам пікет незаўважна пакінулі яшчэ некалькі асобаў – вядомыя ў горадзе правакатары, ужо не аднойчы заўважаныя за спробамі наладзіць бойку падчас палітызаваных масавых мерапрыемстваў, кажа прыхільніца БХД Ірына Захарава:
– Я гэтага чалавека запомніла яшчэ па 2017-му году, тады каля віцебскай філармоніі быў “Марш недармаедаў”. Гэты чалавек і тады такім самым чынам задаваў правакацыйныя пытанні, спрабуючы завесці натоўп. Сёння ён таксама быў п’яны.
Пасля прыезду міліцыі людзей вакол Мікалая Статкевіча паменшала, але ўсё адно гараджане яшчэ доўга не разыходзіліся. Нехта запісваўся ў ягоную ініцыятыўную групу дзеля падтрымкі на будучых прэзідэнцкіх выбарах, нехта пытаўся пра нешта набалелае, а нехта жадаў сфатаграфавацца на памяць побач з вядомым палітыкам.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя