Прыхільнікі перамен робяць крок да аб’яднання
Створана дзеючая на пастаяннай аснове нарада дэмакратычных арганізацый Беларусі. Пра гэта было заяўлена пасля праведзеных кансультацый лідараў і прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх рухаў. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 27 красавіка. На ім прымуць рэгламент, а праца пачнецца з абмеркавання, як найбольш эфектыўна падрыхтавацца і прыняць удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі.
“Лічу гэта крокам наперад,” – адзначае у каментары партыйнаму сайту лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У ранейшай размове з нашым радыё ён выказаў сваё бачанне працы своеасаблівага круглага стала апазіцыі:
– Калі гаварыць пра павестку дня, то галоўным пытаннем я б лічыў парламенцкую кампанію. Наколькі мы можам там супрацоўнічаць, каардынаваць свае дзеянні і камунікаваць.
Як вядома, у шэрагах беларускай апазіцыі пакуль не было яднання. Калі адныя – Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў – заклікаюць яднацца праз Кангрэс дэмакратычных сілаў, то іншыя – правацэнтрысты – кажуць, што не далучацца да кангрэсу. Цяпер з’явіўся шанец на аб’яднанне ў межах восеньскай выбарчай кампаніі ў парламент.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-olnine.info