Прымусіць замаўчаць незалежныя галасы



Атака на НДА і праваабаронцаў у Беларусі не застанецца непакаранай, заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.

«Рэжым Лукашэнкі, які баіцца ўсіх незалежных галасоў, прадпрымае рашучую атаку, каб прымусіць іх замаўчаць раз і назаўсёды, – напісаў ён. – нахабнае парушэнне правоў і свабод чалавека будзе мець наступствы».

З асуджэннем апошніх падзей у Беларусі выступілі Вялікабрытанія, Данія, Літва, Эстонія, Швецыя, ЗША ды іншыя краіны.

Аб будучых праблемах у «трэцяга сектара» ў адказ на санкцыі Еўразвязу вясной папярэдзіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Калі з боку Захаду «далей будзе нагнятацца сітуацыя», «гэта прывядзе адназначна» да таго, што «не будзе грамадзянскай супольнасці, пра якую так клапоцяцца нашы еўрапейскія партнёры», сказаў Макей у красавіцкім інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Беларускае Радыё Рацыя