Прынята Заява Рады БНК супраць вучэнняў “Захад-2017”



У Менску 21 ліпеня адбываецца пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Першым пытаннем была разгледжана сітуацыя вакол вайсковых вучэнняў „Захад-2017”. У сувязі з гэтым сябры Рады прынялі адпаведную заяву.

ЗАЯВА РАДЫ БНК „За мірную Беларусь!”

Беларусы!

Мы не мусім забываць трагічныя ўрокі мінулых стагоддзяў. Наш народ прымусова ўцягваўся ў крывавыя войны, беларуская зямля рабілася полем бою, мы згубілі мільёны нявінных жыццяў.

Напачатку нашай незалежнасці мы зрабілі высновы з нашай гісторыі, замацаваўшы ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэнне аб імкненні да нейтралітэту, якое парушаецца цяперашнім кіраўніцтвам краіны.

Адно з такіх парушэнняў – сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017», запланаваныя на верасень гэтага года. Да ўдзелу ў вучэннях рыхтуюцца тысячы вайскоўцаў з краіны, якая ўдзельнічае ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны, якая захапіла частку ўкраінскай зямлі і вуснамі сваіх афіцыйных палітыкаў пагражае заходнім дзяржавам ужываннем ядзернай зброі.

Нас не могуць не хваляваць звесткі, што пасля вучэнняў расейскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі, што ў нашых памежных раёнах рыхтуюцца базы захоўвання расейскай зброі на выпадак вайны Расеі з НАТО ці Украінай.

Мы не жадаем, каб беларусаў зноў рабілі гарматным мясам у чужых войнах, каб на нашай зямлі лілася чалавечая кроў.

Мы заяўляем, што будзем разглядаць размяшчэнне чужых войскаў на нашай зямлі як акт агрэсіі супраць Беларусі.

Мы гатовы да супраціву любой агрэсіі супраць нашай краіны. Але любую бяду трэба паспрабаваць спачатку прадухіліць.

Заклікаем беларускіх патрыётаў узяць удзел у Акцыі папярэджання магчымай агрэсіі! Чакаем вас 8 верасня а 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска!

У гэты дзень 25 гадоў таму тысячы беларускіх вайскоўцаў, дзейных і ў запасе, прынялі на галоўнай плошчы сталіцы сімвалічную прысягу на вернасць Беларусі. Іх клятва бараніць сваю Бацькаўшчыну прагучала на ўсю краіну. Яна была цвёрдым папярэджаннем тым, каму косткай у горле была маладая беларуская незалежнасць. Яна змусіла тагачасныя ўлады прывесці да афіцыйнай прысягі на вернасць Айчыне ўсё беларускае войска.

З нагоды гэтай падзеі Рада БНК прапануе прыняць 8 верасня Прысягу свабоды. Разам паклянемся вызваліць нашу краіну ад унутранай акупацыі і абараніць яе ад любой знешняй пагрозы.

За мірную і нейтральную Беларусь!

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!

г. Менск, 21 ліпеня 2017 года

Беларускае Радыё Рацыя, Менск