Прысуд братам Навальным і народны сход у Маскве
На Манежнай плошчы у Маскве працягваюцца затрыманні прыхільнікаў Аляксея Навальнага, якія сабраліся там сёння ўвечары, каб падтрымаць апазіцыянера пасля абвешчання яму і яго брату прысуду па справе „Іў Рашэ”. Па дадзеных расейскіх незалежных СМІ затрыманы не менш, чым 245 чалавек. Нечакана для ўсіх сёння на Манежнай з’явіўся і сам Аляксей Навальный – ён прыехаў сюды, нягледзячы на рэжым хатняга арышту, пад якім знаходзіцца. За што і быў затрыманы, пасля дастаўлены дадому. На Навальнага склалі пратакол аб парушэнні хатняга арышту. Адпаведныя дакументы адпраўленыя ў суд.
Сярод затрыманых і лідар руху „За правы чалавека” Леў Панамароў.
Прысуд абвешчаны сёння маскоўскім судом братам Навальным ўжо асудзіла кіраўнік еўразвязаўскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні. Вердыкт суда ў дачыненні да апазіцыянера Аляксея Навальнага і яго брата Алега быў прыняты па палітычных матывах, – пра гэта гаворыцца ў заяве. Федэрыка Магерыні заклікала таксама да стрыманасці ў ходзе акцыі, арганізаванай прыхільнікамі Навальнага пасля абвешчання прысуду. Сёння маскоўскі суд абвесціў прысуд Аляксею Навальнаму і яго брату Алегу па справе аб нібыта крадзяжы ў кампаніі «Іў Рашэ». Алег Навальны асуджаны да трох з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму. Сам Навальны называе справу цалкам сфабрыкаванай.
На Манежнай плошчы Масквы працягваецца народны сход у падтрымку братоў Навальных. У ім бярэ ўдзел каля 1000 чалавек. Паліцыя затрымлівае дэманстрантаў. На ўдзельнікаў сходу нападаюць правакатары.
У аўторак Аляксей Навальны быў засуджаны да 3,5 гадоў умоўнага тэрміну і 500 тысяч расейскіх рублёў штрафу, а яго брат Алег Навальны да 3,5 гадоў агульнага рэжыму зняволення.
Акцыі падтрымкі засуджаным братам праходзяць і ў іншых гарадах Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя
фота Грани. Ру