Прызначана дата парламенцкіх выбараў
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні парламенцкіх выбараў на 11 верасня 2016 года. Прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных сілаў у асноўным будуць удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі. Аднак яны выказваюць сумневы ў тым, што ўлады правядуць яе празрыста і сумленна.
Тым не менш, па словах старшыні Пратыі БНФ Аляксея Янукевіча, сябры партыі будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў максімальна шырокім фармаце.
– Мы будзем вылучаць нашых прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, будзем вылучаць назіральнікаў у межах кампаніі “Права выбару” разам з другімі арганізацыямі. Асноўны ўдзел будзе сканцэнтраваны вакол кампаній нашых кандыдатаў. Плануецца, што 23 ліпеня на пазачарговым з’ездзе партыі адбудзецца гэтае вылучэнне. На сённяшні момант у нашым спісе больш за 70 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Мы будзем імкнуцца гэтую лічбу яшчэ павялічыць.
Па словах Аляксея Янукевіча, ілюзій наконт умоваў падліку галасоў у нас няма. Аднак зараз беларускія ўлады імкнуцца стварыць уражанне свабодных выбараў і ў час агітацыі яны не будуць рабіць вялікіх перашкодаў. А вось падчас падліку галасоў яны сканцэнтруюцца на недапушчэнні яго празрыстасці і сумленнасці. „Мы ўжо зараз бачым, што чарговы раз рыхтуецца адміністрацыйнае прызначэнне складу Палаты прадстаўнікоў”, – лічыць Аляксей Янукевіч. Таму асноўнымі мэтамі партыі ў гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца менавіта актыўная праца з грамадзянамі, агітацыя за дзяржаўнасць і незалежнасць краіны, за неабходнасць рынкавых рэформаў і дэмакратычных пераменаў, – падкрэсліў палітык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя