Прызначаны новы пасол Латвіі ў Беларусі



Новым паслом Латвіі ў Беларусі прызначаны 61-гадовы Эйнарс Семаніс, паведамілі ў прэс-службе латвійскага МЗС.

1 жніўня прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс уручыў яму даверчыя граматы.

Працу ў Міністэрстве замежных спраў Семаніс пачаў у 1993 годзе як кіраўнік аддзела Амерыкі і Аўстраліі, займаў шэраг пасад кіраўнікоў, а таксама працаваў дарадцам у пасольстве Латвіі ў Кітаі і ЗША.

Семаніс быў надзвычайным і паўнамоцным паслом Латвіі ў Кітаі, Фінляндыі, Польшчы, паслом-нерэзідэнтам у Румыніі, Балгарыі, пры Святым прастоле і пры Суверэнным ваенным ордэне рыцараў-гаспітальераў святога Яна, Ерусаліма, Родаса і Мальты. З 2015 года Семаніс узначальваў пасольства Латвіі ў Літве.

Вучыўся Семаніс у Латвійскім універсітэце, дзе атрымаў ступень магістра па філасофіі і сацыялогіі. У Маскоўскім дзяржаўным універсітэце атрымаў ступень доктара філасофіі. Вучыўся таксама ва Універсітэце Осла і Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. Валодае англійскай, рускай і кітайскай мовамі.

Дата прыбыцця дыпламата ў Менск пакуль невядомая.

З 2015 года пасольства Латвіі ў Беларусі ўзначальваў Марціньш Вірсіс.

БелаПАН