Публікаваць ці не публікаваць фота і відэа з акцый пратэстаў 2020 году?



У беларускім сегменце фэйсбуку і на некаторых ютуб-каналах абвастрылася тэма – маўляў, вы дапамагаеце карнікам пераследаваць людзей.

Дыскусія ўзнавілася калі на літоўскім канале «Delfi» выставілі фільм-хроніку «Хроніка сучаснасці» – пра пратэсты ў 2020 годзе.

Адразу скажу, што фільмаў пра Беларусь выстаўляецца вельмі мала. Любых. Свет захоплены вайной ва Украіне, а тое, што падзеі ў Беларусі наўпрост ці ўскосна звязаныя з гэтай вайной, разумеюць толькі вузкія спецыялісты.

Рэжысёры возяць па замежных фестывалях свае цудоўныя карціны, зразумелыя толькі беларусам. Не бачыў яшчэ ніводнага, дзе б тлумачыўся кантэкст таго, што адбывалася ў 2020 годзе. «У нас таксама на вуліцы выходзяць больш за сто тысяч», – сказаў мне жыхар… Берліну.

То бок, людзі з дэмакратый проста не разумеюць што такое дыктатура і тэрор.

Таму відэапраектаў пра кантэкст і падзеі ў сучаснай Беларусі мусіць быць шмат. Хоць бы для таго, каб на Захадзе разумелі, што ўвесь той жах адбываецца непасрэдна на мяжы з ЕЗ.

Безумоўна, пры мантажы трэба ўлічваць, што не варта даваць абліччы людзей буйным планам.

Але таксама трэба разумець, што ўсіх не схаваеш, дзесьці хтосьці будзе бачны.

Парадокс, але факт – чым больш фільмаў з Беларускай рэвалюцыі будзе выходзіць у шырокі доступ, тым больш шанцаў у нашых палітзняволеных хутчэй выбрацца на свабоду.

Таму тактыка каб не нашкодзіць зусім не публікаваць кадры з пратэстаў – гэта шлях у пустэчу.

Мы жывем у інфармацыйны век, у час карцінак. Няма выявы ў сеціве ці ў тэлевізары – няма нічога.

Важны аспект, які часам забываюцца грамадскі актыўныя беларусы: ідзе інфармацыйная вайна.

У Беларусі яна цягнецца ад 1994 году. Але апошнія тры гады з пазіцыйнай яна выйшла на рэжым «канчатковага рашэння інфармацыйнага вапроса».

Задача ўлады – сцерці памяць пра грамадзянскі подзвіг беларусаў у 2020 годзе.

І пазбавіць надзеі тых, хто застаецца ў Беларусі, бо верыць у перамогу. У тое, што наша Рэвалюцыя на паўзе, і што зноў будзе націснутая пімпа «пуск».

Хто ведае, можа і праўда Лукашэнка станецца легітымнай цэллю не толькі для Украіны, але і для NATO. Тады падзеі зноў палятуць з такой хуткасцю як у 2020 годзе.

А пакуль задача карнікаў – пужаць людзей, прыдушаць іх волю да жыцця і веру ў магчымасць пераменаў. Таму яны і хапаюць згодна плану пэўную колькасць людзей на тыдзень.

Масава саджаць у канлагеры без суду і следства не наважваюцца. А ўпартыя людзі не з’язджаюць так масава з краіны, як хацелася б.

Не дапамагаем ворагу – не сеем паніку. І не ладзім публічныя сваркі. Бо спрэчныя пытанні лепш вырашаць у сваім коле.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя