Пуцін абмеркаваў сам-насам з Лукашэнкам супрацоўніцтва Беларусі і Расеі



Супрацоўніцтва Беларусі і Расеі абмеркавалі сам-насам кіраўнікі дзвюх дзяржаў 22 жніўня ў Сочы. Уладзімір Пуцін адзначыў, што рады гэтай магчымасці, а Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праблемы ў гэтым кірунку не назапашваюцца.

„Рады вас бачыць. Рады магчымасці скарыстацца гэтым і пагаварыць зусім сам-насам, што называецца, па пытаннях, якія адносяцца да двухбаковых і да нашых праблем міжнароднага характару. Маю на ўвазе аб’яднанні, дзе мы з вамі працуем сумесна. І міжнародныя пытанні больш шырокага плану”, — сказаў Пуцін. Сюжэт пра гэта быў паказаны ў вечаровым эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

„Мы з вамі сустракаемся рэгулярна, але тым не менш кожная з гэтых сустрэч мае значэнне і вельмі важная для нас. Я вельмі рады вас бачыць”, — дадаў расейскі прэзідэнт.

У сваю чаргу, Лукашэнка падзякаваў Пуціну за запрашэнне: „Як бы банальна ні гучала, дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч, за запрашэнне трохі адцягнуць увагу ад нашых праблем жыццёвых, прэзідэнцкіх. Я штогод бываю тут, а тут кавалак зямлі Беларусі — побач з вамі за плотам. І я пры любым такім зручным выпадку імкнуся сюды прыехаць для таго, каб на тры-чатыры дні адысці ад тых праблем, якія заўсёды назапашваюцца. Яны аднолькавыя. І ў вас іх хапае, толькі ў большых аб’ёмах”, — адзначыў беларускі кіраўнік.

Як адзначыў Лукашэнка, праблемы ў гэтым кірунку не назапашваюцца і паступова ў розным тэмпе вырашаюцца. „Нам сапраўды ёсць пра што пагаварыць, але я б не сказаў, што ў нас назапашваюцца праблемы. У нас праблемы ёсць, якія вырашаюцца і хутка, і доўга не вырашаюцца. Але новыя праблемы, на шчасце, не з’яўляюцца, як я прааналізаваў, за апошні час. Але, тым не менш, гэтыя праблемы без нас ніхто не вырашыць. І некаторыя праблемы і не нашы даводзіцца вырашаць, як у нас часта з вамі бывае. Таму сапраўды ёсць пра што пагаварыць. І я буду рады, калі вы папоўніце мае веды ў плане міжнародных адносін, вашых сустрэч, вашых уражанняў і сумесных дзеянняў на міжнароднай арэне”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новага ўрада 18 жніўня адрэагаваў на каментары ў СМІ і інтэрнэце пра стасункі з Расеяй і знешнюю палітыку краіны.

„Некаторыя, асабліва расейцы, „плявузгаюць”, інакш не скажаш: „Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну”. Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся пра нашыя ўзаемаадносіны. У нас самыя прасунутыя адносіны — у саюзе Беларусі і Расеі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створаная пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Але што мы хочам ад Расеі? Калі Расея падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта бездакорна выконвалася, — заявіў ён. — І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: „Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расеі і Беларусь туды скінуць”.

„Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расеяй і вырашаць нашы агульныя задачы без аніякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна, мы ад аднаго кораня — беларусы, расейцы і ўкраінцы”, — лічыць Лукашэнка.

„Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расеяй, — канфлікт гэты. Нам гэта не трэба. І Расеі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў 1 тыс. км з усходу на захад — гэта Беларусь. Расея мае патрэбу ў стабільнай Беларусі”, — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Расея баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад. „Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны Госпадам — быць тут, у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мостам паміж Усходам і Захадам”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by