Пуцін абяцаў падумаць пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2018 года



Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў, што падумае над тым, ці балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе.

Падчас нарады ў расейскага прэзідэнта ў Бураціі па пытанні аб ліквідацыі наступстваў лясных пажараў быў наладжаны тэлемост з пасёлкам Чаромушкі, дзе ў красавіку бягучага года згарэлі дзясяткі дамоў. Пуціну распавялі аб ходзе аднаўлення жылля. У тым ліку, выступіў адзін з мясцовых жыхароў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ён падзякаваў за дапамогу. «Уладзімір Уладзіміравіч, у нас да Вас просьба: калі будуць наступныя выбары прэзідэнта, мы ўсе Вас просім балатавацца зноў на гэты пост, мы вельмі будзем рады», – звярнуўся да прэзідэнта ветэран.

«Добра, я падумаю, дзякуй”, – адказаў Пуцін, пасля чаго працягнуў задаваць пытанні пра ход аднаўлення жылля ў Чаромушках.

Раней у расейскіх СМІ з’яўлялася інфармацыя, што Пуцін можа пайсці на выбары у 2018 годзе як самавылучэнец. Аднак, як заявілі ў Крамлі, работа па падрыхтоўцы прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Пуціна не вядзецца, таму казаць пра яе характар ​​рана.

Выбары прэзідэнта РФ пройдуць у сакавіку 2018 года. Закон дазваляе Уладзіміру Пуціну прэтэндаваць на чарговы тэрмін на пасадзе прэзідэнта, аднак пакуль пра планы балатавацца ён не абвяшчаў.

Расейскае заканадаўства прадугледжвае два варыянты вылучэння кандыдатам у прэзідэнты – ад партыі і самавылучэнне. У 2000 і 2004 гадах Пуцін браў удзел у выбарах як самавылучэнец, а ў 2012 годзе – як кандыдат ад «Адзінай Расеі».

tut.by

Фота: Lenta.ru