Пуцін атрымаў „палітычную траўму” ад Лукашэнкі?



Уладзімір Пуцін „з палітычнай траўмай” ляціць у Парыж, кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі. Лідары Нямеччыны, Францыі, Расеі і Украіны збіраюцца ў Парыжы на перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. На палях саміту ў Парыжы, мае адбыцца першая асабістая сустрэча Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага.

Пытанняў для вырашэння ў палітыкаў шмат, кажа Алесь Бяляцкі і не факт, што там знойдзецца месца для Беларусі:

– Усе размовы там будуць весціся пра шэрую зону, якая ўзнікла пяць гадоў таму на акупаваных землях на Данбасе. Будзе імкненне неяк вывесці гэтыя землі, гэтых людзей з такога неюрыдычнага статусу. Яны апынуліся фактычна без абароны міжнародных пагадненняў, без дзяржаўнай абароны – квазі-ўтварэнні, якія далёка не гарантуюць правы, якія звычайна мусяць гарантаваць звычайныя дзяржавы.

Але відавочна Уладзімір Пуцін напярэдадні гэтай сустрэчы спадзяваўся, што пагадненне з Беларуссю стане дадатковым аргументам, які дазволіць больш упэўнена праводзіць перамовы, асабліва з украінскім калегам. Але гэта не атрымалася. Кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі:

– Думаю, што Пуцін атрымаў пэўную „палітычную траўму” падчас перамоваў з Лукашэнкам. Тым не менш пагроза незалежнасці Беларусі застаецца. Наступныя перамовы 20-га снежня, тую інфармацыю, якую пасол Сямашка выдаў учора па выніках папярэдніх перамоваў, кажуць, што тым не менш інтэграцыйныя працэсы хай сабе павольна, але ідуць. Гэты воз едзе, хоць са скрыпам, але едзе. 

У канцы лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што лідары краінаў „нармандскага фармату” абмяркуюць „вяртанне ўсіх украінскіх палонных”, спыненне агню на Данбасе, кантроль над украінска-расейскай мяжой і мясцовыя выбары на тэрыторыях самаабвешчаных рэспублік Данецкай і Луганскай абласцей.

Беларускае Радыё Рацыя