Пуцін: Беларусь мае права праводзіць сваю знешнюю палітыку



Беларусь мае права праводзіць тую знешнюю палітыку, якую лічыць мэтазгоднай, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, адказваючы 18 сакавіка на пытанні прадстаўнікоў крымскай грамадскасці.

Адно з пытанняў было пра тое, чаму Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца прызнаваць суверэнітэт Расеі над Крымам, а авіякампанія „Белавія” не ажыццяўляе рэйсы ў Сімферопаль, паведамляе расійскі телеграм-канал „Пул № 3”.

„Не стаўце прэзідэнта Беларусі ў складанае становішча. Ён хоча выбудоўваць добрасуседскія адносіны з Украінай. Думаю, у гэтым уся справа, а не ў эканамічнай мэтазгоднасці альбо ў адсутнасці такой для перавозчыкаў”, — сказаў Пуцін.

„Ну, Беларусь мае права, гэта суверэнная незалежная дзяржава, нягледзячы на тое, што мы будуем Саюзную дзяржаву. Яна такая… Гэта не ў прамым сэнсе адзіная дзяржава, гэта ўсё ж такі два розныя суб’екты міжнароднага права”, — дапоўніў прэзідэнт Расіі.

„Беларусь незалежная, суверэнная краіна і мае права праводзіць тую замежную палітыку, якую лічыць мэтазгоднай і карыснай для сябе”, — заявіў Пуцін. У той жа час ён выказаў надзею на тое, што па частцы авіязносін Беларусі з Крымам „калі-небудзь настане час і гэтыя пытанні будуць вырашаныя”.

Варта зазначыць, што ў пачатку гэтага года Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Крыма накіравала ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аднавіць з расійскім рэгіёнам транспартныя зносіны і адкрыць у Сімферопалі консульства.

belapan.by

Фота iz.ru