Пуцін фактычна прызнаў удзел Расеі ў канфлікце на Данбасе
Выступаючы на інвестыцыйным форуме ў Расеі, Пуцін у чарговы раз абвінаваціў ЗША ў фінансаванні Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, якую ён называе дзяржпераваротам.
«Мы былі вымушаныя абараняць рускамоўнае насельніцтва на Данбасе і адрэагаваць на імкненне людзей у Крыме вярнуцца ў РФ», — сказаў Пуцін.
Ён заявіў, што хацеў бы мець сяброўскія адносіны з ЗША, але пры гэтым зноў абрынуўся на ЗША з абвінавачваннямі.
«Гэта ж не мы давялі да дзяржаўнага перавароту ва Украіне. Асабліва нашы амерыканскія партнёры стаялі за гэтым, фінансавалі радыкальную апазіцыю, давялі да неканстытуцыйнай змены ўлады, хоць Януковіч усе патрабаванні падпісаў і быў гатовы правесці датэрміновыя выбары. Але замест гэтага спрыялі дзяржаўнаму перавароту», — заявіў ён.
Яшчэ адну порцыю абвінавачванняў і папрокаў Пуцін адрасаваў уладам Украіны, абвінаваціўшы іх у невыкананні Менскіх пагадненняў.
Па стане на верасень, па звестках Генштаба Украіны, на Данбасе ваююць 6000 расійскіх кадравых ваенных і 35 тысяч баевікоў, якіх фінансава і тэхнічна падтрымлівае Расея.