Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі сітуацыю
7 жніўня адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла прэс-служба Крамля.
„Абмеркаваныя актуальныя пытанні далейшага развіцця брацкіх расейска-беларускіх адносін”, — адзначаецца ў паведамленні. Таксама „праведзены абмен меркаваннямі ў сувязі з нядаўнім затрыманнем на тэрыторыі рэспублікі 33 расейскіх грамадзян. Выказаная ўпэўненасць, што ўзніклая сітуацыя будзе ўрэгуляваная ў духу ўзаемаразумення, характэрнага для супрацоўніцтва дзвюх краін”.
„Расейскі бок, — падкрэсліваецца ў паведамленні, — зацікаўлены ў захаванні ў Беларусі стабільнай ўнутрыпалітычнай сітуацыі і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у спакойных умовах”.
Прэс-служба Лукашэнкі ў сваю чаргу паведаміла, што размова адбылася з ініцыятывы расейскага афіцыйнага лідара. Значная частка гутаркі тычылася актуальных пытанняў процідзеяння пандэміі COVID-19 у дзвюх краінах, выпрацоўкі вакцыны для барацьбы з гэтай інфекцыяй.
„Таксама кіраўнікі дзяржаў прадметна абмеркавалі ход выбарчай кампаніі ў Беларусі. Уладзімір Пуцін, у прыватнасці, адзначыў важнасць далейшага развіцця братэрскіх беларуска-расейскіх адносін і неабходнасці супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям і дзеянням трэціх сіл, якія могуць прывесці да іх пагаршэння”, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага кіраўніка, адной з галоўных тэм размовы стала затрыманне 33 расейскіх грамадзян. „У гэтай сувязі было падкрэсленае імкненне разам самым сур’ёзным чынам разабрацца ў гэтай сітуацыі. Прэзідэнты дамовіліся максімальна прадметна і ўважліва вывучыць кожны існы факт, каб усталяваць сапраўдныя прычыны сітуацыі, што склалася, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці”, — адзначаецца ў паведамленні.
Пра затрыманне ў ноч на 29 ліпеня пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т. зв. расейскую прыватную ваенную кампаніі Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны быў затрыманы яшчэ адзін чалавек.
31 ліпеня Пуцін абмеркаваў з Саветам бяспекі РФ затрыманне групы расейцаў у Беларусі. „Адбылася грунтоўная размова пра інцыдэнт з затрыманнем расейскіх грамадзян у Беларусі, — паведаміла прэс-служба Крамля. — Выказаная надзея на тое, што ўжо найбліжэйшым часам у гэтую сітуацыю будзе ўнесеная яснасць і беспадстаўна затрыманыя расейскія грамадзяне будуць вызваленыя”.
4 жніўня Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і парламенту, заявіў, што здзіўлены дыскусіям у інтэрнэце з нагоды затрымання ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў.
„Якія толькі там высновы і прапановы… дайшлі да таго, што аж два прэзідэнты дамовіліся, — сказаў Лукашэнка. — Дык вось, гэта вельмі небяспечны і моцны сігнал. І ўсё гэта хлусня пра Стамбул, пра Венесуэлу, пра Афрыку і Лівію. Гэта ўсё хлусня. Гэтыя людзі — яны далі паказанні — былі накіраваныя адмыслова ў Беларусь, каманда была чакаць. Квіткі, набытыя на Стамбул, — гэта легенда, таму што на мяжы, выязджаючы (мяжа закрытая расейская імі ж), ім трэба было паказаць і там, і тут, што яны ляцяць у Стамбул. Але я — дрэнны, магчыма, географ, я толькі не разумею: чаму ў Афрыку ляцець цераз Паўночны полюс? Бо папросту ж можна было з Новарасійска, з Крыма, у рэшце рэшт. Махнуў — і там, у Стамбуле. Чаго цераз Беларусь?”
Паводле яго слоў, да затрыманых расейцаў беларускі бок ставіцца „па-чалавечы”. „І мы ад гэтага атрымалі пэўны эфект. Яны расказалі ўсё, — сказаў Лукашэнка. — Таму я хачу, каб з гэтай трыбуны тыя, якія сядзяць тут, і тыя, хто мяне пачуюць, запомнілі: спыніце хлусіць і мясіць усякую мешаніну ў СМІ. Спыніце, вы ж ужо абняславіліся! Спачатку Стамбул, потым не, не Стамбул, Венесуэла. Учора ўжо патэлефанавалі: не, не ў Венесуэлу, самі пакуль не ведаем куды. Мы ведаем”.
Лукашэнка таксама паведаміў, што паступіла інфармацыя пра „яшчэ адзін атрад, які перакінуты на поўдзень”. „Гэта мы павінны, калі ідзе ўборка, мы ж у вас нічога не просім… мы павінны бегаць і іх лавіць па лясах. Мы ж іх усіх адловім”, — сказаў ён.
Украіна мае намер патрабаваць выдачы 28 з 33 затрыманых у Беларусі грамадзян, якія прыбылі з тэрыторыі Расеі, паведаміў 1 жніўня Офіс генеральнага пракурора краіны. Офіс „праінфармаваў кампетэнтныя органы Беларусі аб намеры патрабаваць экстрадыцыі затрыманых на яе тэрыторыі ўдзельнікаў узброенага канфлікту на ўсходзе Украіны”, адзначалася ў рэлізе.
Генеральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў тэлефоннай размове з беларускім калегам Аляксандрам Канюком 6 жніўня пацвердзіла намер запытаць выдачу 28 з 33 грамадзян Расеі, затрыманых 29 ліпеня пад Менскам. Пры гэтым дзевяць чалавек афіцыйны Кіеў лічыць грамадзянамі Украіны.
„Генпракурор адзначыла, што ў цяперашні час органам дасудовага расследавання рыхтуюцца хадайніцтвы аб іх экстрадыцыі, пасля атрымання якіх Офісам генпракурора будуць накіраваныя адпаведныя запыты ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь”, — сказана ў рэлізе.
6 жніўня падчас нарады па арганізацыі бяспекі выбарчай кампаніі Лукашэнка распарадзіўся для вырашэння пытання з затрыманымі запрасіць у Менск генпракурораў Расеі і Украіны.