Пуцін і Лукашэнка дамовіліся аб крэдытах
На перамовах, якія прайшлі 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся аб аб’ёмах крэдытнай падтрымкі ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расеі, паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, словы якога прыводзіць тэлеграм-канал „Пул № 3” (вядзе адзін з журналістаў крамлёўскага пулу).
„Цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе не будзе індэксаваная і захаваецца на ўзроўні 2021 года”, — сказаў Пяскоў.
Бакі „абмяняліся меркаваннямі па міжнародным становішчы, па рэгіянальных праблемах”, „падвялі вынікі дыскусій, якія раней мелі месца ў межах камісій высокага ўзроўню дзвюх краін, і выпрацавалі крокі па працы ў такіх галінах, як мытнае, падатковае рэгуляванне, энергетыка”. Акрамя таго, яны „закранулі тэму санкцыйнага ціску на Беларусь, беларускі лідар асобна казаў пра ціск апазіцыі на прадстаўнікоў улады Беларусі”.
Перамовы Пуціна і Лукашэнкі былі анансаваныя ў дзень іх правядзення.
Раней Менск разлічваў на кампенсацыю, а не крэдыты ад Расеі з-за падатковага манеўру, а таксама на зніжэнне цаны на газ.