Пуцін і Лукашэнка: што каго хвалюе?



Палітолаг Андрэй Суздальцаў расказвае, якія пытанні будуць хваляваць Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку падчас іх сустрэчы ў Сочы, якая мае адбыцца 8 лютага.

78AA0C09-4CE9-47ED-BA9A-844FA899A3FD_mw1024_n_s

Андрэй Суздальцаў: Наколькі вядома, агульны ліст перамоваў узгоднены, але пастараюся спрагназаваць, што сёння ў першую чаргу хвалюе Пуціна. Не выключаю, што падчас сустрэчы расейскі кіраўнік падыме пытанне Калінінградскага транзіту, а таксама паставак у Расею забароненай прадукцыі і кантрабанды ў межах Саюзнай дзяржавы.

Ёсць яшчэ эканамічныя пытанні, якія хвалююць Крэмль, бо ў свой час было паабяцана стварыць аб’яднаныя прамысловыя групы, але ўсё застаецца на ўзроўні размоваў. Была Беларуская калійная кампанія, але ўсім вядома гісторыя яе распаду. Я лічу, што эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі як такой наогул няма, і гэта вельмі раздразняе расейскае кіраўніцтва… Мяркую, што “ўсплывуць” і пытанні па супрацоўніцтву ў ваеннай сферы і прасоўванню расейскіх базаў у Беларусь, а таксама “ўкраінскае пытанне”.

РР: Многія аналітыкі кажуць, што беларускі бок падчас сустрэчы будзе хваляваць адно – ці дасць Масква чарговы крэдыт?

Андрэй Суздальцаў: І слушна кажуць, бо афіцыйны Менск на самай справе лічыць, што Расея пастаянна павінна нешта кампенсаваць, хоць у той жа Расеі таксама крызіс. Наколькі мне вядома, Беларусь будзе прасіць у Масквы 4 мільярды даляраў. І тут ідзе тонкая палітычная гульня на фоне падзеяў ва Украіне ды стасункаў беларускіх уладаў з Захадам. У афіцыйнага Менска задача простая – атрымаць грошы ў Расеі і перавесці стасункі з Захадам у такое рэчышча, каб пасля выбараў улада была легітымізавана. Сітуацыя простая і той жа час складаная. Але пакуль на павестцы дня – расейскія грошы і падтрымка на выбарах.

РР: Але ж расейскі бок і сам заяўляў, што не адмовіць Беларусі ў крэдыце.

Андрэй Суздальцаў: У Маскве ёсць сур’ёзнае лобі, якое лічыць, што грошы Менску трэба даваць, каб Беларусь не рванула ў Еўропу. Яны лічаць, што ва ўмовах супрацьстаяння Расеі з Захадам сварыцца з беларускім саюзнікам не варта. Таму, думаю, Крэмль адкупіцца. Што, безумоўна, не здымае з павесткі дня іншыя праблемы ў стасунках Беларусі і Расеі. Яны не вырашаюцца, а адкладваюцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя