Пуцін і Трамп сустрэнуцца 16 ліпеня ў Хельсінкі
Саміт прэзідэнтаў РФ і ЗША – Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа – пройдзе 16 ліпеня ў Хельсінкі. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля.
„У адпаведнасці з дасягнутай дамоўленасцю 16 ліпеня ў Хельсінкі адбудзецца сустрэча прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У ходзе перагавораў плануецца абмеркаваць бягучы стан і перспектывы далейшага развіцця расійска-амерыканскіх адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”, – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.
Як раней заявіў журналістам памочнік расейскага лідара Юрый Ушакоў, выбранае месца правядзення саміту з’яўляецца вельмі зручным для абодвух бакоў. Ён дадаў, што, як чакаецца, сустрэча прадоўжыцца некалькі гадзін – плануецца пратакольная частка, сустрэча прэзідэнтаў сам-насам, а таксама сумесная прэс-канферэнцыя.
Юрый Ушакоў выказаў меркаванне, што Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп па выніках саміту могуць прыняць сумесную заяву, „якая магла б акрэсліць далейшыя крокі двух бакоў і ў плане паляпшэння двухбаковых адносін, і ў плане сумесных дзеянняў на міжнароднай арэне, і ў плане забеспячэння міжнароднай стабільнасці і бяспекі”.