Пуцін і Зась абмеркавалі барацьбу з тэрарызмам і наркагандлем
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась правялі сёння сустрэчу ў загараднай рэзідэнцыі кіраўніка расейскай дзяржавы ў Нова-Агарове. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіла прэс-служба Крамля.
«Абмяркоўвалася рэалізацыя планаў па барацьбе з тэрарызмам, наркагандлем, а таксама забеспячэнне бяспекі на святочных мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі», – гаворыцца ў паведамленні.
З 1 студзеня пасаду генеральнага сакратара АДКБ займае прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась. Яго кандыдатура была зацверджана лідарамі краін – членаў арганізацыі 28 лістапада 2019 года. «Вельмі рады вас бачыць у гэтай новай якасці, – сказаў на сустрэчы Уладзімір Пуцін. – Вы чалавек вопытны. Спадзяюся, увесь свой вопыт выкарыстоўваеце на тое, каб сакратарыят АДКБ працаваў рытмічна, каб усе планы, якія былі выбудаваны яшчэ ў папярэдні час, рэалізоўваліся. Маю на ўвазе і зладжванне нашых калектыўных сіл, і работу па важнейшых напрамках – барацьбу з тэрарызмам, наркапагрозы і гэтак далей. У нас шмат планаў. Наперадзе – святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І ў рамках АДКБ таксама намечаны пэўныя мерапрыемствы. Вельмі разлічваю на тое, што ўсё гэта будзе выконвацца».
Уладзімір Пуцін нагадаў, што старшынства ў гэтым годзе ў АДКБ перайшло да Расеі. «Таму будзем працаваць з вамі больш цесна, чым у звычайным, радавым рэжыме», – адзначыў ён.
Станіслаў Зась сказаў, што на новай пасадзе знаходзіцца два з паловай месяцы. «Ёсць дакладнае разуменне, што трэба рабіць», – запэўніў генеральны сакратар АДКБ. Затым ён расказаў аб задачах, якія стаяць перад АДКБ на парадку дня ў гэтым годзе.