Пуцін: Заходнія краіны спрабуюць уцягнуць нас у гонку ўзбраенняў
Заходнія краіны спрабуюць уцягнуць нас у гонку ўзбраенняў, заявіў у час свайго выступу перад расейскімі дэпутатамі Уладзімір Пуцін.
Расейскі кіраўнік шмат часу са свайго выступу прысвяціў замежнай палітыцы, ды абвінавачваў захад у спробе знішчыць Расею:
– Дамагчыся ваеннай перавагі перад Расеяй ні ў кога не атрымаецца. Наша войска сучаснае, баяздольнае, як кажуць, ветлівае, але грознае. Для абароны нашай свабоды ў нас хопіць і сіл, і волі, і мужнасці.
Пуцін ды яго каманда сталі закладнікамі шавіністычнай хвалі прапаганды, якая ўзбудзіла расейскае грамадства, таму цяпер Пуцін ня можа стаць «голубам міру», – мяркуе беларускі палітолаг Валер Карбалевіч:
– Гэтая вонкавая рыторыка, адрасаваная замежным краінам можа кампенсаваць праблемы ў псіхалагічным сэнсе і ідэалагічны сэнсе для расіян. Мадэль стварэння вобразу ворага дазваляе перажыць складаныя сацыяльна-эканамінчныя часы, скансалідаваць грамадства вакол лідара у змаганні супраць знешняга ворагу: “Што вы тут пра зарбкі кажаце, калі нам пагражаюць з усіх бакоў”.
Расейская біржа адрэагавала на выступ Уладзіміра Пуціна падзеннем курсу рубля ў адносінах да замежных валют. Усяго за 20 хвілін прамовы Пуціна рубель патаннеў на 96 капеек у адносінах да даляра.
Крым – наш – галоўны посьпех Расеі сёлета. Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін, які выступіў з чарговым штогадовым пасланнем да Федэральнага сходу Расеі.
Расейскі прэзідэнт тлумачыў далучэнне Крыму гістарычнай справядлівасцю, бо, паводле яго, “гэта тое месца, дзе князь Уладзімір прыняў хрысціянства”:
– Для Расеі Крым і Херсанес-Севастопаль маюць вялікае цывілізацыйнае і сакральнае значэнне, так, як і Храмавая Гара ў Іерусаліме для тых, хто вызнае іслам і іўдаізм. Менавіта так мы будзем да гэтага ставіцца. Ад сёння і назаўжды.
Рыторыка Пуціна ў пасланні паказвае, што ідэалогія нацыяналістычнага, так званага “рускага свету”, застаецца ў Расеі дзяржаўнай, і закладае падмурак да шмат-гадовага супрацьстаяння вакол Крыму, – мяркуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
– Параўнанне Крыма з Храмавай Гарой можа сведчыць пра тое, што Пуцін не мае намеру саступаць у гэтым пытанні. Бо Храмавая гара застаецца “яблыкам раздору” і Крым застанецца “яблыкам раздору”.
У сакавіку Расея захапіла Крымскую паўвыспу, і далучыла яе да сваёй тэрыторыі. Анэксія Крыму дагэтуль не прызнаная пераважнай большасцю краінаў свету.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя