Пуцін – Лукашэнку: Нам ёсць пра што пагаварыць
Беларусь і Расея маюць намер працягваць умацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх кірунках. Такая дамоўленасць дасягнута 5 лютага ў Сочы падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, асноўная ўвага падчас перамоваў была нададзена важным для беларуска-расейскага ўзаемадзеяння падзеям, якія маюць адбыцца ў лютым. У прыватнасці, лідары дзвюх дзяржаў падрабязна разгледзелі парадак дня намечанага на люты пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Лукашэнка адзначыў, што папярэдне гэтую тэму ён абмеркаваў у Сочы з кіраўніком расейскага ўрада. „У нас была магчымасць сустрэцца з прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым па вашым даручэнні. Мы падрабязна гаварылі пра пасяджэнне ВДС, а таксама пра пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Магілёве”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Пуцін у сваю чаргу адзначыў важнасць перамоваў з прэзідэнтам Беларусі напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета. „Вельмі рады вас бачыць, — сказаў расейскі прэзідэнт. — Нам ёсць пра што пагаварыць”. Пуцін прапанаваў пагаварыць „па бягучых двухбаковым справах і па рэгіянальных пытаннях, а таксама аб сумесных намаганнях па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў”.
З улікам беларуска-расейскіх мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца, кіраўнікі дзяржаў узгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Яны пагадзіліся з тым, што „неабходна аб’ядноўваць намаганні ва ўмовах сучасных выклікаў”.
Акрамя таго, на перамовах Лукашэнка і Пуцін закранулі пытанні міжнароднага парадку дня, а таксама тэмы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
Варта адзначыць, што прэс-служба Крамля абмежавалася вельмі кароткім паведамленнем аб гэтай сустрэчы. „Адбылася нефармальная сустрэча Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні двухбаковых адносін, рэгіянальная праблематыка, а таксама сумесныя меры па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў”, — сказана ў паведамленні.
Нагадаем, 28 студзеня Лукашэнка размаўляў з Пуціным па тэлефоне. У ходзе размовы, якая адбылася па ініцыятыве беларускага боку, прэзідэнты дамовіліся аб сустрэчы ў найбліжэйшы час.
31 студзеня Лукашэнка сустрэўся ў Сочы са старшынёй урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, сустрэча праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы, „бакі дамовіліся, што Беларусь і Расея будуць сумесна пераадольваць негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі”. Пасля сустрэчы Лукашэнка „апрабаваў гарналыжныя трасы і прыняў рашэнне застацца ў Сочы на кароткачасовы адпачынак”.
Апошні раз прэзідэнты Беларусі і РФ сустракаліся 15 снежня 2015 года падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Маскву. Візіт ажыццяўляўся па запрашэнні Пуціна.
[youtube id=”BgImY6gqFxg”]