Пуцін прыляціць у Менск на Форум рэгіёнаў



Кіраўнікі Расеі і Беларусі возьмуць удзел у трэцім Форуме рэгіёнаў дзвюх дзяржаў, які пройдзе ў Менску 7-8 чэрвеня і будзе прысвечаны сацыяльным пытанням.

Пуцін і Лукашэнка

tass.ru

Пра гэта старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка паведаміла ў эфіры праграмы „Карціна свету” на тэлеканале „РТР-Беларусь”.

„Той факт, што прэзідэнты нашых дзяржаў бяруць удзел у форумах міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, кажа пра тое, што яны надаюць вялікае значэнне такога фармату нашага ўзаемадзеяння”, – адзначыла Мацвіенка.

Паплечніца Пуціна ўдакладніла, што на сустрэчы ў Менску цэнтральнае месца зоймуць пытанні сацыяльнай палітыкі. „Тое, што цяпер няпростая эканамічная сітуацыя, гэта не значыць, што мы павінны менш увагі надаваць таму, як адчуваюць сёння нашы грамадзяне”, – сказала Мацвіенка.

„Паколькі мы будуем адзіную Саюзную дзяржаву, мы павінны старацца стварыць і адзіныя роўныя сацыяльныя ўмовы. Каб быў роўны доступ да адукацыі, ахове здароўя, забяспечыць разумную міграцыю працоўнай сілы”, – адзначыла кіраўніца верхняй палаты расійскага парламента. Магчыма, выказала здагадку яна, „калі-небудзь мы выйдзем на адзіныя сацыяльныя стандарты”.

Мацвіенка таксама лічыць, што „правесці форум міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза — гэта правільная ідэя”. „Яна будзе рэалізавана, калі прыйдзе для гэтага час”, – сказала старшыня Савета Федэрацыі.