Пуцін мае намер «бліжэйшым часам» сустрэцца з Лукашэнкам
Уладзімір Пуцін заявіў, што бліжэйшым часам мае намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі расейскіх палітычных партый, якая прайшла ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.
Паводле Пуціна, ён мае намер абмеркаваць з Лукашэнкам тэму барацьбы з ляснымі пажарамі і вывучыць вопыт Беларусі.
Раней пра тое, што прэзідэнт Расеі збіраецца наведаць з візітам Беларусь у сярэдзіне кастрычніка для ўдзелу ў саміце краін СНД паведаміў прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў. „Да, такие планы есть”, – пацвердзіў ён ТАСС.
Лукашэнка таксама паведаміў пра дамоўленасці з Пуціным абмеркаваць канкрэтныя кірункі развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у ходзе саміту СНД, які запланаваны ў Менску арыенціровачна на 15 кастрычніка.
Узгадвалася і дата 4 лістапада: у гэты дзень у Менску пройдзе пасяджэнне Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай Саюзнай дзяржавы, дзе Лукашэнка і Пуцін павінны зацвердзіць узгодненыя інтэграцыйныя праграмы.
Зараз Лукашэнка, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзіцца з прыватным візытам у Сочы. Пра гэта паведаміла „РИА Новости” са спасылкай на неназваную крыніцу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ТАСС