Пуцін нагадаў інтэрнэт-ананімам пра Берыю



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што ўсе скаргі на працу розных арганізацый, якія падаюцца праз інтэрнэт, павінны быць падпісаныя.

Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін (Фота Reuters)

На думку прэзідэнта, ананімам у інтэрнэце вельмі лёгка „хаміць, абзывацца і пры гэтым заяўляць сваю пазіцыю нейкую крайнюю”.

„Калі ў чалавека ёсць нейкая пазіцыя, нейкія прэтэнзіі, хай ён скажа, назаве сябе. Інакш гэта не прэтэнзіі і не скаргі, гэта ананімка. Тут толькі адзін правяраючы добра працаваў – Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя – з ананімкамі”, – сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што гэта тычыцца не толькі скаргаў на бізнес-структуры. Пры гэтым раней у сераду расейскі Канстытуцыйны суд прызнаў, што грамадзянам і юрыдычным асобам не абавязаныя паведамляць, хто напісаў на іх скаргі, фактычна легалізаваўшы ананімкі.

Лаўрэнцій Берыя з 1938 па 1945 узначальваў НКВД. Пасля смерці Іосіфа Сталіна Берыю абвінавацілі ў арганізацыі масавых рэпрэсій, а таксама ў шпіянажы і падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. У адпаведнасці з прысудам яго расстралялі.

bbc.com