Пуцін назваў знішчэнне расейскага самалёта „ударам у спіну”
“Ударам у спіну” назваў факт знішчэння расейскага вайсковага самалёта Су-24 турэцкімі знішчальнікамі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ён выступіў з афіцыйнай заявай, у якой аспрэчвае аргумент Турцыі, што самалёт парушыў паветраную прастору гэтай дзяржавы і не рэагаваў на дзясятак папярэджанняў:
– Сённяшняя страта звязана з ударам, які нам нанеслі ў спіну памагатыя тэрарыстаў. Інакш я не магу кваліфікаваць тое, што сёння адбылося. Наш самалёт быў збіты над тэрыторыяй Сірыі ракетай “паветра-паветра” з турэцкага самалёта F-16. Самалёт упаў на тэрыторыю Сірыі ў чатырох кіламетрах ад мяжы з Турцыяй. Самалёт знаходзіўся ў паветры, калі на яго была праведзена атака, на вышыні 6000 метраў, на адлегласці аднаго кіламетра ад турэцкай тэрыторыі. У любым выпадку нашыя лётчыкі, наш самалёт ніяк не пагражалі Турэцкай Рэспубліцы. Яны праводзілі аперацыю па змаганні з ІДзІЛ.
Паводле Уладзіміра Пуціна, расейскія лётчыкі выконвалі вайсковыя задачы ў горных рэгіёнах Сірыі, дзе адзначаецца канцэнтрацыя тэрарыстаў – выхадцаў з Расеі. Таму лётчыкі “ажыццяўлялі прэвентыўныя ўдары па тэрарыстах, якія ў кожны час маглі вярнуцца ў Расею, і якіх трэба наўпрост адносіць да міжнародных тэрарыстаў”, – заявіў Пуцін. Турцыя ў сваю чаргу прыводзіць у якасці доказаў здымкі радараў, якія маюць падцвердзіць, што расейскі Су-24 парушыў сірыйска-турэцкую мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя