Пуцін не ўхваляе, але і не асуджае пасадку самалёта Ryanair у Менску
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што не ведаў аб пасадцы самалёта Ryanair у Менску загадзя.
„Я не ведаў ні аб якім лайнеры і аб людзях, якія там былі арыштаваныя, таксама нічога не чуў. Даведаўся пра гэта са сродкаў масавай інфармацыі. Ведаць не ведаў пра нейкіх затрыманых, паняцця не маю. Для нас гэта не ўяўляе ніякага інтарэсу”, — заявіў ён у інтэрв’ю амерыканскай тэлекампаніі NBC, стэнаграма якога апублікаваная на сайце Крамля.
Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што „не тое каб ухваляе” і „не тое каб асуджае” дзеянні беларускіх уладаў. „Так здарылася. Я расказваў нядаўна ў адной з размоў з еўрапейскім калегам, версія спадара Лукашэнкі, пра якую ён мне распавёў, заключаецца ў тым, што да іх саміх паступіла інфармацыя, што на борце знаходзіцца выбуховая прылада. Яны праінфармавалі пілота, не прымушалі яго да пасадкі, і пілот прыняў рашэнне садзіцца ў Менску. Вось і ўсё”, — сказаў Пуцін.
Ён адзначыў, што не бачыць падстаў не верыць гэтай версіі здарэння. „А чаму мне яму не верыць? Вы спытаеце ў пілота. Самае простае — спытаць у камандзіра карабля: цябе прымушалі да пасадкі ці не? Спытайце ў яго. Вы пыталіся ў яго? Нешта я ні разу не чуў інтэрв’ю гэтага камандзіра карабля, які сеў у Менску. Чаму б яго не спытаць: што цябе, сілай прымушалі садзіцца? Чаму не пытаецеся ў яго? Гэта нават дзіўна. Усе абвінавачваюць Лукашэнку, а ў пілота не пытаюцца”, — сказаў Пуцін.
Ён у чарговы раз параўнаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску з пасадкай борта прэзідэнта Балівіі ў Вене ў 2013 годзе. „Прэзідэнта вывелі з самалёта, абшукалі самалёт, і вы пра гэта нават не ўспамінаеце. Вы лічыце, гэта нармальна? Там было добра, а Лукашэнка зрабіў дрэнна? Паслухайце, давайце неяк будзем гаварыць на адной мове і нейкімі аднолькавымі паняццямі апераваць. Вось „Лукашэнка — бандыт”. А там добра?” — сказаў кіраўнік РФ.
У адказ на заўвагу журналіста пра тое, што інцыдэнт з балівійскім самалётам — „зусім іншы прыклад” і ў выпадку з авіялайнерам Ryanair гаворка ідзе пра камерцыйны рэйс, Пуцін заявіў: „Іншы, так, толькі ён проста горшы ў дзесяць разоў, чым тое, што было зроблена, калі нешта было зроблена, у Беларусі. І вы не хочаце гэта проста прызнаваць, прапускаеце міма вушэй і хочаце, каб мільёны людзей ва ўсім свеце гэтага не заўважалі або забыліся назаўтра. Не атрымаецца”.
Пры гэтым, паводле яго слоў, тое, што пасажыры маглі негатыўна ўспрыняць інфармацыю аб выбуховай прыладзе на борце або перажываць, „вядома, дрэнна”. „Мы, зразумела, асуджаем усё, што звязана з гэтай справай: з міжнародным тэрарызмам, з выкарыстаннем паветраных суднаў і гэтак далей. Вядома, мы супраць”, — падкрэсліў прэзідэнт.
23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.
4 чэрвеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што Уладзімір Пуцін і яго амерыканскі калега Джо Байдэн могуць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі на сустрэчы ў Жэневе (Швейцарыя) 16 чэрвеня.