Пуцін паабяцаў далейшую падтрымку Лукашэнку
Расея працягне дапамагаць Беларусі ва ўмовах «бесперапыннага знешняга ціску». Пра гэта прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў на пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які праходзіць у анлайн-фармаце, інфармуе БелТА.
Пуцін падкрэсліў, што Расея падтрымлівала і будзе падтрымліваць супрацьстаянне Беларусі санкцыйным абмежаванням, уведзеным Еўразвязам. «Лічым, што забарона на пастаўку ў краіны ЕЗ з Беларусі шэрагу тавараў наносіць шкоду інтарэсам бізнэсу і звычайным грамадзянам. Вось пра што трэба было б падумаць тым, хто чыніць такія дзеянні», — параіў Пуцін. У сваю чаргу, Лукашэнка сказаў, што «Беларусь паспрабуе, як і Расейская Фэдэрацыя, калі супраць яе ўвялі санкцыі, не проста выстаяць, а выкарыстаць іх». Рабіцца гэта будзе ва ўзаемадзеянні з Расеяй.
Лукашэнка назваў санкцыі Захаду спробай «накласці лапу» на рэсурсы Беларусі і Расеі.