Пуцін памяняў свайго пасла ў Беларусі



Уладзімір Пуцін прызначыў Міхаіла Бабіча новым паслом Расеі ў Беларусі. Адпаведны ўказ апублікаваны на расейскім афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Пуцін вызваліў Бабіча ад ранейшай пасады паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе. У іншым указе паведамляецца, што Міхаіл Бабіч прызначаецца Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Бабіч адначасна таксама прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта Расеі „па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы з Рэспублікай Беларусь”.

Ранейшы амбасадар Аляксандр Сурыкаў ад пасады пасла ў Беларусі вызвалены. Ён прабыў на гэтай пасадзе даўжэй за іншых – больш 5 гадоў. Пра новае прызначэнне Сурыкава нічога не паведамляецца.

Міхаіла Бабіча ў Расеі характарызуюць як „жорсткага ўпраўленца”, падобнага па сваім псіхатыпе да Аляксандра Лукашэнкі.

Бабічу 49 гадоў. Ён выхадзец з сілавых структур, служыў у ВДВ і войсках КГБ, кіраваў карпарацыяй „Антей”, быў віцэ-прэм’ерам Падмаскоўя і Іванаўскай вобласці. У 2002-2003 гадах узначальваў урад Чачні. Пэўны час Бабіч быў памочнікам кіраўніка Памежнай службы ФСБ, а з 2003 па 2011 год – дэпутатам Дзярждумы.

Два гады таму Пуцін хацеў прызначыць Бабіча паслом ва Ўкраіну, аднак украінскія ўлады не пагадзіліся на гэтую кандыдатуру, заявіўшы пра сувязь Бабіча з спецслужбамі.

Апошнія 7 гадоў Міхаіл Бабіч займаў пост паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе.

Беларускае Радыё Рацыя