Пуцін пра Беларусь: Змены ў грамадстве будуць адбывацца ў адпаведнасці з аб`ектыўнымі абставінамі
„Я не хачу даваць ацэнак палітычным працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі”, — заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на Пецярбургскім эканамічным форуме 4 чэрвеня.
„Там ісціна заўсёды, як звычайна, дзесьці там пасярэдзіне знаходзіцца. Таму лепш не ўмешвацца, лепш даць магчымасць людзям самім, не спяшаючыся, разабрацца. Усё роўна, разумееце, усё роўна, як бы ні было, хто б ні казаў, што нейкі рэжым там нешта душыць, вы ведаеце, усё роўна, значыць, змены ў любым грамадстве — яны будуць адбывацца ў адпаведнасці з аб`ектыўнымі абставінамі, звязанымі з развіццём гэтага грамадства. Не трэба ў гэта ўмешвацца ніколі”, — заклікаў Пуцін.
На яго думку, пільная ўвага да пасадкі самалёта Ryanair у Мінску выклікана тым, што тое, што адбываецца ў Беларусі, „не толькі прыцягвае ўвагу, а многія нашы суседзі хочуць на гэта паўплываць”. „Але я проста ў гэтай сувязі хачу прыгадаць, што і самалёт аднаго з лідараў дзяржаў быў прымусова пасаджаны, Эва Маралеса… Ніхто пра гэта не ўспамінае, як быццам гэтага і не было”, — сказаў Пуцін. (Маецца на ўвазе незапланаваная пасадка ў Вене ў 2013 годзе самалёта прэзідэнта Балівіі, які вяртаўся з Масквы, якому не давалі паветраны калідор Францыя, Партугалія, Іспанія і Італія з прычыны падазрэнняў у знаходжанні на борце скандальна вядомага былога аналітыка ЦРУ Эдварда Сноўдэна.)
„Гэта не значыць, што нельга заўважаць [пасадку самалёта], але ўлазіць ва ўнутраныя справы не трэба. Вось я аб чым”, — заявіў прэзідэнт РФ.
„У той жа Беларусі шмат праблем унутраных. Мы хочам займаць нейтральную на самай справе пазіцыю. Гэта ўсё справа беларускага народа. Але там гэта ўсё, значыць, ацэньваецца ў адным святле і ключы, а ў Штатах тое ж самае (студзеньскі напад на Капітолій. — БелаПАН.), але ў іншым. Вось двайныя стандарты — ад гэтага трэба пазбавіцца”, — сказаў Пуцін.
Расейскія спецслужбы не ўдзельнічалі ў пасадцы самалёта Ryanair у Менску, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме 4 чэрвеня.
„Я нават не хачу ўнікаць у гэтую справу. Разумееце, гэта нас не тычыцца зусім”, — сказаў Пуцін.
„Вы нас зацюкалі вось гэтымі пытаннямі, — звярнуўся Пуцін да вядучага. — І мяне, і канцлера [Аўстрыі Себасцьяна Курца] (удзельнічаў у форуме анлайн. — БелаПАН.). Значыць, нейкі Раман Пратасевіч. Я ведаць яго не ведаю і ведаць не хачу. Няхай ён там робіць, што хоча. Змагаецца з рэжымам Лукашэнкі…”
Пуцін не скончыў гэтую фразу, бо яго перабіў вядучы.
На пытанне, ці пасадзіла б Расея самалёт, які ляціць над яе тэрыторыяй з персонай, якая адшукваецца, ён адказаў: „Не скажу”.