Пуцін расказаў пра просьбу Лукашэнкі дапамагчы Беларусі сілавікамі
Па просьбе Лукашэнкі ў Расеі сфармаваны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі ў выпадку неабходнасці, паведаміў Уладзімір Пуцін 27 жніўня ў інтэрв`ю тэлеканалу „Россия 1”.
„Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў, — цытуе Пуціна РИА Новости. — Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю”.
Пры гэтым Пуцін дадаў, што неабходнасці ў прымяненні расейскіх сіл у Беларусі пакуль няма, „з гэтым згодныя і ў Менску”.
Прэзідэнт РФ таксама заявіў, што Расея мае абавязацельствы перад Беларуссю ў сферы бяспекі.
Каментуючы заявы Лукашэнкі аб тым, што, калі гаворка ідзе пра ваенны складнік, у Беларусі ёсць дамова з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы і АДКБ і ён нібыта дамовіўся з Пуціным аб аказанні Мінску дапамогі пры першай неабходнасці, Пуцін адзначыў: „Няма неабходнасці нешта ўтойваць, там ёсць адпаведныя артыкулы, якія кажуць пра тое, што ўсе дзяржавы — члены гэтых арганізацый, у тым ліку Саюзнай дзяржавы, а там усяго толькі дзве дзяржавы-ўдзельніцы — Расія і Беларусь, павінны аказваць адзін аднаму дапамогу і ў абароне суверэнітэту, знешніх межаў, і ў абароне стабільнасці. Там так і напісана”.
„Такім чынам, у гэтай сувязі, вядома, у нас ёсць абавязацельствы перад Беларуссю, і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка так і паставіў пытанне. Ён паставіў пытанне аб тым, што хацеў бы, каб мы аказалі пры неабходнасці яму адпаведную дапамогу. Я сказаў, што Расея выканае ўсе свае абавязацельствы”, — заявіў Пуцін.