Пуцін унёс у Дзярждуму праект закона аб папраўцы да Канстытуцыі РФ



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін унёс праект закона аб папраўцы да Канстытуцыі РФ на разгляд Дзярждумы.

„Прадстаўнікамі прэзідэнта Расеі пры разглядзе згаданага законапраекта ў Дзяржаўнай думе будуць сустаршыні канстытуцыйнай камісіі Андрэй Клішас, Павел Крашаніннікаў і Талія Хабрыева”, – паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Як паведамлялася, Уладзімір Пуцін 15 студзеня падпісаў распараджэнне аб стварэнні рабочай групы па падрыхтоўцы паправак у Канстытуцыю РФ і зацвердзіў склад яе ўдзельнікаў. У групу ўвайшлі 75 палітыкаў, заканадаўцаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў, а яе сустаршынямі сталі кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Андрэй Клішас, кіраўнік камітэта Дзярждумы па дзяржбудаўніцтве і заканадаўстве Павел Крашаніннікаў, а таксама дырэктар Інстытута заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе РФ Талія Хабрыева.

Прэзідэнт РФ у пасланні Федэральнаму сходу 15 студзеня прапанаваў унесці папраўкі ў Канстытуцыю РФ, у тым ліку даверыць Дзярждуме права зацвярджэння кандыдатуры старшыні ўрада РФ, віцэ-прэм’ераў і федэральных міністраў. Прэзідэнт РФ таксама прапанаваў назначаць кіраўнікоў сілавых ведамстваў па выніках кансультацый з Саветам Федэрацыі. Акрамя таго, Уладзімір Пуцін заявіў аб неабходнасці замацаваць прыярытэт асноўнага закона перад міжнароднымі дагаворамі ў расійскай прававой прасторы, а таксама прапісаць у Канстытуцыі РФ шэраг сацыяльных гарантый.

Уладзімір Пуцін прапанаваў вынесці пакет паправак у Канстытуцыю РФ на галасаванне.

belta.by