“Пуцін, уратуй!”



У анэксаваным Крыме мясцовыя камуністы зладзілі мітынг пратэсту. Паводле мітыгнавальнікаў, у Крыме сапраўдная катастрофа. З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Камуністычны мітінг праходзіў пад лозунгамі “Кошты растуць, працы няма, турыстаў няма!” і “Мы гінем!”. Мітынгавальнікі таксама наракалі на карупцыю, адсутнасць лекаў і няякасную медыцыну. Паводле крымскіх камуністаў, ва ўсіх гэтых праблемах вінаватае мясцовая аддзяленне пракрамлёўскай партыі “Адзіная Расея”, куды пасля анэксіі Крыма перабеглі былыя прадстаўнікі “Партыі Рэгіёнаў” Віктара Януковіча. Сярод вінаватых у крымскіх праблемах называліся таксама ўлады Еўрасаюза і амерыканскі прэзідэнт Барак Абама.

Адзіным чалавекам, які, на думку камуністаў, можа выправіць сітуацыю, ёсць прэзідэнт Расеі. Мітынг скончыўся масавым скандаваннем “Пуцін, уратуй!”

Пасля леташняй анэксіі паўвыспа стала цалкам датацыйнай для расейскага бюджэту: у Крыме няма сваёй электраэнергіі, амаль адсутная прэсная вада, сур’ёзныя праблемы з прадуктамі харчавання, а транспартныя сувязі практычна разарваныя.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна