Пуцін: Выгада Беларусі ад удзелу ў ЕАЭС вылічаецца „мільярдамі долараў”



„Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) — гэта вялікае наша агульнае дасягненне”, — заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі 14 снежня ў Маскве.

„Крытыкі заўсёды шмат і з любой нагоды, і з нагоды развіцця ЕАЭС у тым ліку, аднак лічбы кажуць, што мы рушым у правільным кірунку”, — сказаў ён.

Як адзначыў расейскі прэзідэнт, унутраны тавараабарот у ЕАЭС вырас на 29%.

„У нас ВУП вырас на 1,6%, а сукупны ВУП краін ЕАЭС — на 1,8%. У лепшы бок змяняецца структура ўзаемнага тавараабароту. У Беларусі адна траціна экспарту на рынкі ЕАЭС — гэта машыны і абсталяванне. На траціну — сельгаспрадукты. Беларусь прыдбала права бяспошлінна атрымліваць 24 млн тон нафты, экспартаваць яе за мяжу, а атрыманы даход залічаць у свой бюджэт. Гаворка ідзе пра мільярды долараў”, — цытуе Пуціна расійскае агенцтва EADaily.

Паводле слоў расейскага прэзідэнта, „ёсць і нявырашаныя пытанні: гэта шматлікія выключэнні, у прыватнасці па энерганосьбітах, з электраэнергіяй”. „Але ў нас ёсць план дзеянняў, распісаны па гадах, калі мы павінны перайсці да поўнай лібералізацыі ў гэтых сектарах. І мы будзем рухацца”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

belapan.com